BE RU EN

«SEO пры любой магчымасці стараўся мяне прынізіць»

  • 6.07.2024, 14:17

Беларускія айцішнікі расказалі пра сітуацыі на працы, якія прымусіў іх сысці.

Dzik Pic папрасіў чытачоў падзяліцца гісторыямі пра звальненні і атрымаў порцыю адборнага трэшу з працоўных месцаў. Пачытайце і вы, прапануе devby.io.

«Высветлілася, што ў той дзень звольнілі адразу 16 чалавек»

– Справа была ў адной прадуктовай кампаніі ў Менску. У SEO была дурная звычка звальняць людзей з нагоды і без, літаральна. Ён надта не разбіраўся ні ў чым – адразу на вуліцу.

Часта з людзьмі развітваліся проста пачкамі. Быў чалавек, якога звольнілі да канца ягонага першага працоўнага дня. Прычым прычыны для звальнення маглі быць даволі экзатычныя: «У нас не здарыўся мэтч», «Мы не можам сінкануцца», «Я яму інтуіцыйна не давяраю», «Ён недастаткова перформіць» (чалавек і тыдні ў кампаніі не прапрацаваў) і гэтак далей. Бывала, што 10 чалавек за дзень звальнялі. Набіралі такімі ж тэмпамі.

Мы працавалі ў шчыльна набітым опэнспэйсе. Фонавы шум быў няспынным, жылі як у вуллі. І вось аднойчы ў панядзелак я прыходжу на працу рана раніцай, а ў офісе яшчэ нікога няма. Пачынаю працаваць. Праходзіць гадзіна, дзве, тры, а прыйшло ўсяго некалькі чалавек. У тым ліку затрымліваліся два мае распрацоўнікі, якіх я наймаў у якасці ліда на праекце.

Пытаю HR’аў, што, маўляў, за бздура. Высветлілася, што ў той дзень звольнілі адразу 16 чалавек, у тым ліку двух маіх распрацоўнікаў! Мяне папярэджваць не сталі. SEO падалося, што яны недастаткова заўважныя.

Усе мае словы, што гэта ненармальна, калі ты ў пятніцу робіш з чалавекам праект і плануеш далейшыя этапы, а ў панядзелак ён ужо не працуе, прайшлі міма SEO. У адказ ён сказаў, што трэба лягчэй развітвацца з людзьмі, і прапанаваў мне звольніць кагосьці з каманды – проста каб адпрацаваць гэты навык. А потым яшчэ некалькі дзён прапаноўваў кандыдатуры на звальненне. Калі я не пагадзіўся, то ён абраў ахвяру сам.

У выніку я пастанавіў звольніць сябе на знак пратэсту, бо жыць у гэтым абсурдзе было ўжо немагчыма. Дарэчы, пасля майго сыходу «ахвяру» ён усё роўна звольніў.

«У кампаніі ўвогуле не было жанчынаў»

– Абодва выпадкі, што я апішу ніжэй, адбыліся ў 2019-м. У першым выпадку ў вядомым інавацыйным стартапе ў Менску не было жанчынаў. Увогулн – акрамя бухгалтаркі дыстанцыйна. Сто чалавек мужыкоў у адным офісе: распрацоўка, канструктары, механікі, слесары. У выніку мат-перамат у працоўны час без якіх-небудзь стопаў. Толькі 1,5 месяца я там вытрымаў.

Яшчэ ў адным вядомым менскім стартапе апошняй кропляй стала гутарка з 50-гадовым дырэктарам, які сядзеў перада мной у крэсле, паклаўшы ногі ў чаравіках на іншае крэсла, і глыбакадумна атрымліваў асалоду ад электроннага кальяна проста ў офісе. Пры тым, што паленне забароненае і я ўвогуле дым не пераношу. Калі ў кагосьці такая сітуацыя – сыходзьце не разважаючы. Беражыце сябе і свае нервы, вакол поўна кампаній са здаровай атмасферай.

Увогуле, аглядаючыся назад на сваю кар'еру даўжынёй 25 гадоў, разумею, што самым прадуктыўным і ўзнагародным месцам працы была невялікая вытворчая кампанія на 30 чалавек (IOT софт+хард), у асноўным прадстаўленая выхадцамі з канструктарскага бюро савецкага завода. Ніякага мікрамэнэджмэнту, усё толькі ў справе, кліент заўсёды мае рацыю, супрацоўнікі – найвышэйшая каштоўнасць.

«Адмовіліся падымаць заробак на $300»

– У адной і той канторы ў Беларусі ў 2019-м:

1) Паставілі натуральную прахадную, і быў вылучаны чалавек, якая пісала ў асабістыя «А чаму цябе на працоўным месцы няма?». На адказ «я на месцы» звярталася і ўдакладняла: «А як гэта ты ў офіс патрапіў?». Само сабой, большасць людзей праходзілі з адным пропускам.

Прычым афішавалася гэта ўсё як «патрабаванне ПВТ» і што ніякага мікракантролю не будзе. Акрамя таго, што напісаў вышэй, яшчэ мучылі людзей, якія часта хадзілі на перакуры, і ў цэлым глядзелі «наведвальнасць» ва ўнутранай праграме. Цырк, адным словам.

2) Адмовіліся падымаць заробак на $300 пасля двух гадоў працы без узняцця – пад выглядам, што «асэсмэнт не пройдзены» і нейкіх там карысных ведаў не стае. Прычым за мяне кампанія атрымлівала мінімум х10 ад замоўца (я плюс-мінус ведаў рэйты наймальніка). Калі стаў звальняцца, прапанавалі +$500, але было ўжо позна.

«SEO пры любой магчымасці стараўся мяне прынізіць»

– У пачатку квіды трапіў у стартап пра падарожжы. Узяў мяне адзін з кіраўнікоў пасля складанага сацзабесу. Але, відаць, не вельмі ўзгадніў з SEO (потым растлумачу, чаму я так думаю). У выніку ён жудасна на мяне ціснуў і пры любой магчымасці стараўся прынізіць.

Паводзіў ён сябе зусім нягодна і з іншымі калегамі, адкрыта падкотваючы да калег супрацьлеглага полу – пры ўсіх проста ў офісе. Аднойчы, калі я паспрабаваў парыраваць ягоныя выпады ў мой бок, ён дазволіў, спадзяюся, жартам, рэпліку ў духу (не даслоўна): «Быў бы ты, калега, процілеглага полу, я дзейнічаў бы інакш». У тым ліку адсюль я раблю выснову, што мяне з ім не «ўзгаднілі» іншыя заснавальнікі.

«Не скажу, што гэта сэксізм найвышэйшага ўзроўню, але ўсё роўна вельмі непрыемна». Беларускі, якія працуюць у IT, расказалі, як ім там.

Я яшчэ быў на выпрабаванні, таму без асаблівых згрызотаў памахаў ручкай, нават нягледзячы на тое, што астатнія калегі былі максімальна адэкватнымі і прыемнымі людзьмі. SEO выставіў мой сыход як здраду – бо толькі-толькі грымнуў лакдаўн праз ковід (яшчэ памятаеце пра такое?), і вандроўкі накрываліся медным тазам.

«Аднойчы я проста выйшаў і сышоў адтуль, не вяртаючыся»

– Маёй першай працай, яшчэ студэнтам, было працаваць на палову стаўкі сісадмінам у бухгалтэрыі «Беларуснафты». Аднойчы яны мяне так дасталі, што я пад выглядам перакурыць выйшаў праз чорны ўваход і проста пайшоў адтуль, не вяртаючыся. Нават не забіраў «працоўную кніжку». Калі пасля ўладкаваўся ў адзін вядомы менскі аўтсорс, то там мне зрабілі новую.

Апошнія навіны