BE RU EN

СМІ: Польшча можа ўвесці навігацыйныя пломбы для кітайскіх грузаў на беларускай мяжы

  • 6.07.2024, 22:02

Гэта закрые для Лукашэнкі магчымасць абыходу заходніх санкцый.

Цягам 33 гадзінаў Польшча вяла ўзмоцнены надгляд чыгуначных грузаў, якія едуць праз Беларусь, у тэрмінале Малашэвічы. Тое, што афіцыйна назвалася планавымі кантрольнымі мерапрыемствамі, якія пачаліся 3 ліпеня, фактычна заблакавала рух грузаў.

Крыніца MOST у транспартнай галіне мяркуе, што такія дзеянні могуць папярэднічаць увядзенню Польшчай навігацыйных пломбаў для кітайскіх грузаў, якія рухаюцца транзітам праз Беларусь. Гэта закрые Беларусі магчымасць абыходу заходніх санкцый.

Па чыгунцы ў Польшчу цераз Беларусь ідзе значная частка кітайскіх грузаў. Аднак паводле словаў крыніцы MOST, «пад кітайскімі лэйбламі» дастаўляецца і частка беларускіх тавараў, якія падпадаюць пад заходнія санкцыі, напрыклад фанера. Паводле дакументаў яна выходзіць з Кітая і перагружаецца ў Берасці. Насамрэч вырабляецца ў Беларусі.

Узмоцнены кантроль пачаўся пасля заканчэння візіту ў Кітай прэзідэнта Польшчы Анджэя Дуды. У час сустрэчы з кіраўніком КНР Сі Цзіньпінам ён абмяркоўваў дастаўку грузаў праз Беларусь. Паводле вынікаў візіту прэзідэнт Польшчы расказаў, што падзяліўся з кітайскім лідарам фактамі, як гібрыдная атака на польска-беларускай мяжы ўплывае на магчымасці гандлю з Кітаем і перашкаджае ідэі «Пояса і Шляху».

Беручы да ўвагі, што Польшча ўвяла ўзмоцнены кантроль адразу пасля візіту, крыніца, знаёмая з сітуацыяй, мяркуе, што лідары маглі дамовіцца пра ўвядзенне навігацыйных пломбаў. Гэта прылады, якія адсочваюць перамяшчэнне грузаў. Калі Кітай пагодзіцца на іх увядзенне, усе кітайскія грузы, якія ідуць праз Беларусь, будуць прасочвацца Польшчай. І «ўклініць» у схему беларускую прадукцыю пад маркай кітайскай будзе немагчыма.

Пра навігацыйныя пломбы, паводле словаў крыніцы, цяпер гавораць і тыя, хто працуе праз тэрмінал Малашэвічы.

Падчас 33-гадзіннай праверкі, паводле звестак, правяралася якраз тая інфармацыя, якая сведчыць пра шлях руху грузу. Гэта звесткі, калі тавар уехаў на тэрыторыю ЕАЭС, хто адпраўнік, форма ГУ, у якой указваецца інфармацыя пра перавозку. Аналіз гэтых звестак, магчыма, дазволіць ацаніць і паказаць Кітаю маштабы злоўжыванняў.

Але падрыхтоўка можа быць таксама сігналам беларускаму рэжыму: калі ён не пойдзе на саступкі, то навігацыйныя пломбы могуць быць уведзеныя. Польшча дабіваецца ад Беларусі спынення міграцыйнага крызісу. Акрамя таго, краіна патрабуе вызвалення журналіста Анджэя Пачобута.

Апошнія навіны