BE RU EN

Лукашэнку пакінулі без лыжнага комплексу ля Свіслачы ў Менску

  • 6.07.2024, 11:22

Стала вядома, чаму аб'екта не будзе.

Планы ўзвядзення крытага круглагоднага лыжнага комплексу ў сталіцы памяняліся. Такога аб'екта не будзе. Пра гэта расказаў старшыня камітэта архітэктуры і горадабудаўніцтва Менгарвыканкама Віктар Гуцько, піша «Менск-Навіны».

Каля ракі Свіслачы ў раёне вуліцы Арлоўскай, а дакладней – за будынкам Вярхоўнага суда, планавалася ўзвесці крыты лыжны комплекс круглагоднага функцыянавання. Для інвестара гэтага спартовага аб'екта ў свой час вылучылі зямельны надзел, аднак у вызначаны заканадаўствам перыяд працы так і не пачаліся. Пляцоўка была канфіскаваная.

– Тэрыторыя планаванага лыжнага комплексу ўвайшла ў склад новай зялёнай зоны і будзе асвойвацца пад гэтае прызначэнне. Будаўніцтва спартовага аб'екта там не плануецца, – расказаў Гуцько.

Нагадаем, інфармацыя пра будаўніцтва манежа з'явілася ў сакавіку 2018 года, калі падчас наведвання фіналу «Снежнага снайпера» Аляксандр Лукашэнка сказаў: «Мы хочам у горадзе пабудаваць – у фінаў і швэдаў падгледзелі – двухпавярховы будынак даўжынёй 100 м, у ім пятля 120 м. Ён аснежваецца ўнутры, людзі прыходзяць, займаюцца: нехта бегае па звілістай трасе, нехта каву п'е».

Тады ж стала вядома, што праект будзе рэалізоўвацца па схеме дзяржаўна-прыватнага партнёрства. Інвестарамі будаўніцтва лыжнага манежа на той момант выступалі менскія забудоўнікі «Саўаўта Інвест» і «Інтэхнабуд Інвест». Узамен гэтага яны на дазвол Лукашэнкі атрымалі права забудаваць шматпавярховым жыллём надзелы на Захарава, Чыгуначнай і Ваўпшасава ў Менску. Але пазней інвестаркай будаўніцтва стала кампанія «Скібудінвест», да якой перавандравалі і гэтыя тры надзелы.

У 2020 годзе «Скібудінвест» прапанавала візуалізацыю аб'екта, а ў лістападзе 2021 года, у Адзіным дзяржаўным рэгістры нерухомай маёмасці з'явілася інфармацыя пра вылучэнне надзелу плошчай 5,3 га для будаўніцтва аб'екта «Усесезонны крыты манеж для катання на бегавых лыжах у раёне вуліцы Арлоўскай у Менску».

Беларусаў затрымалі са спецназам ля літоўскай мяжы

Іх падазраюць у парушэнні мяжы з ужываннем квадракоптара.

Памежнікі пры падтрымцы спецназу затрымалі групу мужчынаў, якія падазраюцца ў парушэнні мяжы з Літвой з выкарыстаннем дронаў. Пра гэта паведамілі ў прэс-службе Дзяржаўнага памежнага камітэта (ДПК) Беларусі. Гэта ўжо другі выпадак ад пачатку тыдня.

«Днём 5 ліпеня ў адным з населеных пунктаў Воранаўскага раёна на адрэзку памежнай заставы “Драбішуны” лідскія памежнікі пры сілавой падтрымцы супрацоўнікаў атрада спецыяльнага прызначэння “Тайфун” унутраных войскаў МУС падчас рэалізацыі аператыўнай інфармацыі, што называецца з доказамі злачынства, затрымалі групу асобаў», – гаворыцца ў паведамленні.

Жыхары райцэнтра, у тым ліку непрацоўныя, падазраюцца «ў парушэнні мяжы з Літоўскай Рэспублікай з ужываннем квадракоптара».

Падчас агляду жылых і нежылых пабудоваў выявілі і канфіскавалі чатыры беспілотнікі мультыратарнага тыпу, 66 акумулятарных батарэй да іх, зарадныя станцыі, пульты кіравання і іншыя камплектавальнікі да БПЛА, цеплавізар, чатыры GPS-компасы і смартфон.

Апошнія навіны