BE RU EN

Дроны атакавалі нафтабазы ў трох раёнах Краснадарскага краю РФ

  • 6.07.2024, 8:04

Гараць рэзервуары з палівам «Лукойла».

У ноч з 5 на 6 ліпеня дроны атакавалі Ейскі, Ленінградскі і Паўлаўскі раёны Краснадарскага краю РФ, у выніку чаго ўзніклі пажары на дзвюх нафтабазах. Пра гэта паведаміў Аператыўны штаб рэгіёну.

«Атака беспілотнікаў адбітая ў станіцы Паўлоўскай. Пасля падзення фрагментаў БПЛА на нафтабазе адбылося загаранне рэзервуараў захоўвання паліва. У станіцы Ленінградскай у выніку атакі БПЛА – загаранне рэзервуара з палівам», – гаворыцца ў паведамленні.

У той самы час тэлеграм-канал Astra апублікаваў відэа пажару на гэтай нафтабазе «Лукойла».

Паводле звестак Аператыўнага штаба Краснадарскага краю, у Ейску сродкамі СПА былі таксама збітыя беспілотнікі.

«Зафіксаваныя пашкоджанні вежы сотавай сувязі ў выніку падзення абломкаў апаратаў», – адзначылі ў штабе.

Там таксама адзначылі, што на месцы працуюць аператыўныя і спецыяльныя службы, якія ліквідуюць загаранне.

Губернатар Краснадарскага краю Веніямін Кандрацьеў пакуль не каментаваў гэтую інфармацыю.

Апошнія навіны