BE RU EN

Дроны масава атакавалі горад у РФ, з якога ва Украіну запускаюць «шахеды»

  • 5.07.2024, 7:54

Нанесены самы маштабны ўдар за ўсю гісторыю вайны.

У Растове-на-Доне (Расейская Федэрацыя) у ноч на 5 ліпеня прагрымелі выбухі, у раёне гораду вялася праца сістэм супрацьпаветранай абароны праз атакі беспілотнікаў. У выніку падзення абломкаў адбыліся пажары.

Пра гэта паведамляе РБК-Украіна са спасылкай на губернатара Растоўскай вобласці Васіля Голубева і мясцовыя Telegram-каналы.

Каля трох гадзін ночы чыноўнік заявіў аб працы СПА каля Растова.

«У раёне Растова падраздзяленні СПА працуюць па некалькім паветраным цэлям ворага», – гаворыцца ў яго заяве ў Telegram.

Губернатар дадаў, што інфармацыя аб наступствах «удакладняецца».

Між тым у мясцовых пабліках апублікавалі кадры, на якіх паказаны нібыта момант збіцця аднаго з дронаў над Растовам. Таксама на роліках можна пачуць выбухі, убачыць пажар і рух экстраных службаў на месца надзвычайнага здарэння на Левым беразе ў горадзе.

Дадамо, што ў сеціве таксама кажуць пра нібы збіццё сама меней 12 беспілотнікаў на падлёце да Растова. У растоўскіх медыя сцвярджаюць, што ўсе дроны былі ліквідаваныя, а гэты налёт БПЛА называюць «масавым» і «самым моцным нападам за ўсю гісторыю».

Абноўлена

Пазней губернатар Растоўскай вобласці даў справаздачу аб збіцці 10 беспілотнікаў у рэгіёне гэтай ноччу.

«Паводле звестак аператыўных дзяжурных службаў, у выніку паветранага нападу і падзенні абломкаў БПЛА зафіксаваныя ландшафтныя пажары на левым беразе Дона ў Растове і ў Азоўскім раёне», – распавёў расейскі чыноўнік.

Ён кажа, што звестак аб пацярпелых няма.

Між тым, у мясцовых пабліках паведамляюць, што нібыта гарыць нафтавы тэрмінал, аднак няма афіцыйных пацверджанняў гэтай інфармацыі.

Атака на Прыморска-Ахтарск

У ноч з 4 на 5 ліпеня таксама адбылася атака дронаў на горад Прыморска-Ахтарск у Краснадарскім краі РФ. У частцы горада адключана святло. Пра гэта паведаміў губернатар рэгіёну Веніямін Кандрацьеў.

«У Прыморска-Ахтарску нашы СПА збілі некалькі беспілотнікаў», – гаворыцца ў паведамленні.

З ягоных слоў, абломкі дронаў выклікалі пашкоджанні некаторых аб'ектаў у горадзе.

«Цяпер на месцы працуюць спецыяльныя службы, працягваецца ацэнка шкоды. Таксама на месцы надзвычайнага здарэння знаходзіцца кіраўнік раёну Максім Бандарэнка. Папярэдне, сярод жыхароў горада пацярпелых няма», – адзначыў Кандрацьеў.

У той жа час мясцовыя паблікі публікуюць фота і відэа наступстваў начнога нападу беспілотнікаў.

На адным з відэа чуваць, як ляціць дрон, пасля чаго яго збіваюць. На іншым відэа мясцовы жыхар зафіксаваў наступствы збівання беспілотніка.

Жыхары Прыморска-Ахтарска таксама паведамляюць аб адключэнні святла і вады ў горадзе.

«Мясцовыя жыхары пачалі чуць выбухі прыкладна пасля 0.30, гук пралёту БПЛА і некалькі гучных удараў было чуваць у раёне мясцовай электрападстанцыі, пасля гэтага зніклі святло і вада ў некаторых дамах», – гаворыцца ў паведамленні.

У 2:50 Веньямін Кандрацьеў паведаміў, што ў Прыморска-Ахтарску парушана праца энергападстанцыі, якая забяспечвае значную частку горада.

Адзначым, што менавіта з Прыморска-Ахтарска расейскія акупацыйныя войскі запускаюць па Украіне дроны-камікадзэ тыпу «шахед».

Апошнія навіны