Выкрадзены ў Бэльгіі мікрааўтобус знайшлі пад Столінам
- 4.07.2024, 10:15
Аўто было зарэгістраванае ў Беларусі ў 2010 годзе.
На даследаванне да пінскіх экспэртаў паступіў аўтамабіль Volkswagen, які належыць жыхарцы Столінскага раёну.
Ідэнтыфікацыйны нумар транспартнага сродку супаў з VIN аўтамабіля, аб'яўленага ў вышук паліцыяй Швецыі як выкрадзены ў 2017 годзе. Легкавушка была зарэгістраваная ў Беларусі ў 2010 годзе, расказвае прэс-служба Дзяржкамітэту судовых экспертыз (ДКСЭ).
Згодна з высновай экспэрта, ідэнтыфікацыйны нумар Volkswagen змянілі, выдаліўшы першасныя маркіроўкі і вырабіўшы іншыя знакі. Экспэрту ўдалося ўстанавіць першапачатковы змест VIN.
Як выявілася, арыгінальны нумар супадае са звесткамі аўтамабіля, які лічыўся ва ўгоне ў Бэльгіі. У ідэнтыфікацыйны нумар транспартнага сродку ўнесены сімвалы, якія супалі з сагнаным у Швецыі аўтамабілем.
«Атрымалася, што адзін VIN-нумар ёсць у двух транспартных сродкаў», – растлумачылі ў ДКСЭ.