Пяскоў пачаў падлабуньвацца пасля перамоў Украіны з Кітаем
- 25.07.2024, 12:45
Спікер Крамля заявіў, што “ідзе ва ўнісон”.
Прадстаўнік расейскага дыктатара Уладзіміра Пуціна Дзмітрый Пяскоў пракаментаваў заяву кіраўніка МЗС Украіны Дзмітрыя Кулебы аб патэнцыйнай магчымасці пачаць перамовы з РФ "на пэўным этапе".
Заяву Пяскова цытуюць расейскія прапагандысцкія агенцтвы, паведамляе Цензор.НЕТ.
Прадстаўнік Крамля заявіў, што сам "пасыл" да перамоваў "ідзе ва ўнісон" з расейскай пазіцыяй. Пяскоў таксама сказаў, што РФ нібыта "ніколі не адмаўлялася" ад перамоў.
“Мы з вамі сапраўды ведаем з паведамленняў з Пекіна, што на сустрэчы са спадаром Ван І (кіраўніком МЗС КНР, - рэд.) была зроблена (Кулебам, - рэд.) такая заява. Сам па сабе пасыл можна сказаць, што ідзе ва ўнісон з нашай пазіцыяй. Вы ведаеце, што расейскі бок ніколі не адмаўляўся ад перамоў, заўсёды захоўваў сваю адкрытасць перамоўнаму працэсу, але тут важныя дэталі, якія мы з вамі пакуль не ведаем”, - заявіў спікер Пуціна.
Ён дадаў, што цяпер "трэба дачакацца нейкіх тлумачэнняў у гэтым пытанні".
Нагадаем, што ў рамках свайго візіту ў Кітай Кіраўнік МЗС Дзмітрый Кулеба правёў перамовы з міністрам замежных спраў КНР Ван І, заявіўшы, што Украіна гатова весці перамовы з РФ "на пэўным этапе".