BE RU EN

Пазыкі беларусаў па спажывецкіх крэдытах перавысілі 8 мільярдаў рублёў

  • 10.07.2024, 18:49

Бурны рост ідзе з лютага.

Новыя лічбы 8,1 мільярда рублёў прывёў член праўлення Нацбанка Аляксандр Шаўко на круглым стале па законапраекце аб спажывецкіх крэдытах, піша Myfin.by. Раней Нацбанк паведамляў аб 6,2 мільярда рублёў за першыя 5 месяцаў 2024 года.

«Цяпер ідзе бурны рост у нас, пачынаючы з лютага. Тэмпы гадавога прыросту запазычанасці па спажывецкіх крэдытах перавышаюць 40%. Гэта вельмі высокі ўзровень… Гэта пік, якога ў нашай краіне ўжо не было дастаткова доўга», — сказаў Аляксандр Шаўко.

Шаўко патлумачыў, што крэдыты сталі больш даступнымі: сярэдняя стаўка складае 9,6% гадавых. Стымулюе крэдытаванне і тое, што грошы ў многіх банках можна пазычыць онлайн, не выходзячы з дому.

Мікрапазыкі таксама папулярныя ў беларусаў. Шаўко паведаміў, што летась сярэдняя адсоткавая стаўка па такіх крэдытах складала 1% на дзень, а ў 96% выпадкаў грошы выдаваліся на тэрмін да аднаго месяца.

Спажывецкі крэдыт - гэта грошы на самыя розныя ўласныя патрэбы: ад пакупкі падарунка на дзень нараджэння да набыцця аўтамабіля. 48% такіх крэдытаў бярэцца па схеме авердрафту праз заробкавыя банкаўскія карткі. Яшчэ 6% - гэта мэтавыя крэдыты на аўтамабілі.

Апошнія навіны