BE RU EN

Расея засталася без стратэгічных спадарожнікаў

  • 4.06.2024, 12:40

У "Раскосмасу" не знайшлося грошай на сувязь з "прыязнымі" краінамі.

Дзяржкарпарацыя "Раскосмас" не можа вырабіць чатыры з шасці геастацыянарных спадарожнікаў, якія забяспечваюць працу каналаў сувязі паміж Расеяй і "прыязнымі" краінамі, заявіў дырэктар дэпартамента перспектыўных праграм і праекта "Сфера" карпарацыі Сяргей Прохараў.

"З шасці апаратаў, якія павінны быць замоўленыя ў дзяржкарпарацыі, замоўленыя толькі два: адзін з боку "Газпрам касмічныя сістэмы" (ГКС), другі – з боку ДПКС (ФГУП "Касмічная сувязь")", – сказаў Прохараў на XVI Федэральнай канферэнцыі ComNews Satelite Russia.

Паводле ягоных слоў, астатнія спадарожнікі "Раскосмас" не можа пачаць вырабляць праз адсутнасць фінансавання.

Кіраўнік РФ Уладзімір Пуцін падчас паслання Федэральнаму сходу ў лютым гэтага года даручыў выдаць на развіццё высакахуткаснага спадарожнікавага інтэрнэту 116 млрд руб. да 2030 года. Таксама фінансаванне спадарожнікавых праектаў было прапісана ў прэзентацыі нацпраекта "Эканоміка звестак", якую раней прадставіў кіраўнік Мінлічбы Максут Шадаеў. У дакуменце гаварылася, што да 2030 года на фінансаванне групоўкі спадарожнікавай сувязі будзе накіравана 80,1 млрд руб. і яшчэ 36,2 млрд руб. на групоўку спадарожнікавай сувязі "Скіф" для разгортвання апаратаў на сярэдняй арбіце.

Каб апараты з'явіліся на арбіце, патрэбны заказ на іх з боку аператараў спадарожнікавай сувязі. У Мінлічбы заявілі, што выдаюць сродкі аператарам на заказы спадарожнікаў у "Раскосмасе". Усе сродкі будуць выдадзеныя ў поўным аб'ёме, запэўніў прадстаўнік міністэрства.

Хоць Мінлічбы абяцае выдаць сродкі на стварэнне спадарожнікавай групоўкі, працэс праектавання і вытворчасці займае шмат часу і ёсць рызыка не ўкласціся да 2030 са стварэннем чатырох спадарожнікаў, кажа генеральны дырэктар групы кампаній ComNews Леанід Конік.

Паводле ягоных слоў, гэта звязана з тым, што кожны апарат для геастацыянарнай арбіты ўнікальны, таму ў сярэднім на вытворчасць аднаго спадарожніка патрабуецца блізу 3 гадоў. Аднак пасля ўвядзення санкцый супраць "Раскосмасу" і адмовы заходніх партнёраў ад працы з ім тэрміны могуць вырасці да пяці гадоў, адзначае Конік.

Для Расеі наяўнасць сваёй групоўкі геастацыянарных апаратаў з'яўляецца стратэгічнай мэтай з пункту гледжання суверэнітэту і бяспекі, кажа заснавальнік і гендырэктар прыватнай касмічнай кампаніі SR Space Алег Мансураў.

"Адсутнасць спадарожнікаў на ГСА негатыўна паўплывае адразу на некалькі галін - ад пускавых паслуг, распрацоўкі і вытворчасці буйных касмічных апаратаў сувязі і вяшчання да выканання тэлекамунікацыйных паслуг канчатковым карыстальнікам, а таксама вытворчасці і продажу наземнага прыёма-перадавальнага абсталявання", - адзначыў Мансураў.

Апошнія навіны