BE RU EN

Foreign Policy назваў тры сцэнары заканчэння вайны

  • 4.06.2024, 8:20

Украіна да гэтага пакуль не гатовая.

Расея працягвае павольна прасоўвацца ва Украіне, што выклікае ўсё больш заклікаў да перамоў аб заканчэнні вайны. Шэраг экспэртаў у замежнай палітыцы лічаць такія ідэі не вартым разгляду, бо дапамога ЗША Украіне сумай $ 61 млрд не будзе доўжыцца вечна. Больш за тое, атрымаць такую ж суму ў наступным годзе будзе яшчэ складаней, асабліва калі прэзідэнтам стане Дональд Трамп, які можа ўвогуле спыніць падтрымку. Зрэшты, на думку старшага навуковага супрацоўніка Калумбійскага ўніверсітэта Рэджана Менана, "цяпер не час дамаўляцца з Пуціным". Пра гэта ён напісаў у сваёй калонцы для Foreign Policy.

Апошні пакет дапамогі ЗША і вайсковая падтрымка з Еўропы дазволяць Украіне змагацца яшчэ прынамсі наступны год. Хоць зыход вайны застаецца непрадказальным, ужо паступіла новая партыя заходняй зброі, уключаючы артылерыю і сістэмы ATACMS.

Некаторыя экспэрты мяркуюць, што найлепшым варыянтам для Украіны можа быць пагадненне аб "падзеле тэрыторый". Здольнасць Украіны дамовіцца аб пасляваенным урэгуляванні, з якім яна зможа жыць, залежыць ад яе вайсковай эфектыўнасці на працягу наступных 18 месяцаў. На думку Менана, усе перамовы з РФ трэба пачынаць з пазіцыі сілы. Цяпер Украіна да гэтага не гатовая.

Што кажуць прыхільнікі неадкладных перамоў

Тыя, хто прапануе перамовы паміж Кіевам і Масквой, схільныя верыць, што Украіна не можа дасягнуць нічога падобнага да перамогі, што каляндар на карысць Расеі і што працяг узброенага супраціву Украіны прывядзе толькі да новых смерцяў, разбурэнняў і тэрытарыяльных страт, якія яна можа прадухіліць шляхам дасягненні ўрэгулявання - найбліжэйшым часам.

Менан піша, што вайна нанесла вялізную шкоду. У гэтым ён пераканаўся на свае вочы падчас чатырох візітаў ва Украіну, таму жаданне скончыць з вайной зразумела. У той жа час ён адзначае, што нягледзячы на свае добрыя намеры, лагер тых, хто падтрымлівае “перамовы зараз”, пазбягае крытычнага пытання: хто будзе (ці павінен) іх ініцыяваць. Адзін з магчымых адказаў: Злучаныя Штаты, галоўны пастаўшчык зброі для Украіны. Але шанцаў на гэта практычна няма, пакуль Байдэн застаецца прэзідэнтам.

Магчыма, прыхільнікі перамоў чакаюць, што Кіеў прыйдзе да высновы, што працяг барацьбы прывядзе да яшчэ горшага выніку, і, кіруючыся гэтай логікай, будзе шукаць кампраміс з Масквой. Але ўкраінскі прэзідэнт Уладзімір Зяленскі не выказваў ні найменшага жадання пайсці на гэты крок - не пасля няўдалых перамоў, якія адбыліся ў Беларусі і Турцыі неўзабаве пасля ўварвання.

Магчыма, тыя, хто рэкамендуе перамовы, прагназуюць, што стомленасць украінцаў ад вайны прымусіць Зяленскага таргавацца з Расеяй. Гэта магчыма, але пакуль грамадзяне Украіны выступаюць супраць пагаднення з Масквой прынамсі гэтак жа, як і яе лідары - звычайныя ўкраінцы часта кажуць, што прэзідэнту Расіі Уладзіміру Пуціну нельга давяраць. Праз парушэнне папярэдніх дамоўленасцяў, такіх як Будапешцкі мемарандум.

Чаму з перамовамі трэба пачакаць

Галоўнай нястачай разваг прыхільнікаў перамоў з'яўляецца прапанаваны час, мяркуе Мэнон. Многія прыхільнікі мірных перамоў хочуць, каб яны пачаліся ўжо гэтым летам. Але Злучаныя Штаты і іх еўрапейскія супольнікі толькі пачалі пастаўкі ва Украіну ўзбраення на дзясяткі мільярдаў даляраў і не закончаць іх да пачатку восені.

“Было б неразумна спяшацца з перамовамі, перш чым убачыць, якое змяненне будзе мець увядзенне дадатковай зброі, ці зможа расейскае войска падтрымліваць бягучы тэмп, калі Украіна будзе мець больш агнявой моцы, і наколькі паспяховым апынецца праект Украіны”, - піша аўтар артыкула.

Калі Украіна, падмацаваная дадатковымі войскамі і ўзбраеннем, адаб'е больш тэрыторыі - нават калі дасягненні будуць значна менш амбіцыйнымі за мэты Зяленскага - і Пуцін зразумее, што ягонае войска не зможа дасягнуць дадатковых дасягненняў, Украіна будзе мець больш вагароў уплыву, чым цяпер.

Да таго ж Расея таксама не дэманструе жаданне дамаўляцца, а наадварот значна павялічвае свой абаронны бюджэт, які сёлета вырас на 70%. Палітолаг мяркуе, што "гэта не дзеянні лідара, які імкнецца да перамоў".

Тры сцэнары заканчэння вайны

Улічваючы непрадказальнасць прагнозаў і мяркуючы, што мэты прэзідэнта Зяленскага могуць быць недасяжнымі, можна сфармуляваць некалькі варыянтаў заканчэння гэтай вайны.

Расейскае войска захоплівае яшчэ больш тэрыторый. Захад стамляецца падтрымліваць Украіну, а Пуцін навязвае Кіеву зневажальны мір: частка Украіны становіцца расейскай, а астатняя, захоўваючы незалежнасць, вяртаецца пад уплыў Масквы.

Нягледзячы на ўсе намаганні, Расея кантралюе менш украінскіх тэрыторый, чым зараз. Пуцін ведае, што ягонае войска не зможа дасягнуць лепшых вынікаў і можа страціць яшчэ больш, пасля чаго адбываецца палітычнае ўрэгуляванне. Украіна ўрэшце далучаецца да ЕЗ і NАТО з умовай, што на яе тэрыторыі не будзе баз NАТО ці пастаянных замежных войскаў.

Вайна заходзіць у нявыкрутку. Ніводны з бакоў не бачыць як з яго выйсці, але Пуцін мае дастаткова вагароў, каб забяспечыць нейтралітэт Украіны. Кіеў выкарыстоўвае свае пазіцыі для забеспячэння ўзброенага нейтралітэту, што дазволіць яму трэніраваць свае Узброеныя сілы ў заходніх краінах і ўзбройвацца заходняй зброяй, застаючыся па-за сферай уплыву Расеі.

Менан адзначае, што магчымыя і іншыя сцэнары развіцця падзей, аднак у вышэйпададзеных, акрамя першага, ёсць агульная рыса - яны патрабуюць, каб Украіна ўзмацніла сваю перамоўную пазіцыю, спыніўшы расейскі наступ, пачаўшы ўласны контрнаступ, вярнуўшы сабе больш тэрыторыі.

«Для гэтага патрэбны час, які Украіна зараз мае: заходняе ўзбраенне толькі пачало паступаць на фронт, і яго аб'ёмы павялічацца найбліжэйшыя месяцы. Расея і Украіна могуць з часам правесці перамовы аб палітычным урэгуляванні. Але цяпер не час іх пачынаць», - рэзюмуе прафесар.

Апошнія навіны