BE RU EN

Апеляцыйны суд у Парыжы пацвердзіў ордар на арышт сірыйскага дыктатара Башара Асада

  • 26.06.2024, 21:24

G Упершыню ў гісторыі.

Апеляцыйны суд Парыжа пацвердзіў, што міжнародны ордар на арышт прэзідэнта Сірыі Башара Асада застаецца сапраўдным. Пра гэта паведамляе AP, спасылаючыся на юрыстаў.

У лістападзе 2023 года Францыя выдала міжнародныя ордары на арышт Башара Асада, ягонага брата Махера Асада, камандзіра 4-й бронятанкавай дывізіі і двух сірыйскіх генералаў Гасана Абаса і Басама аль-Хасана, за верагоднае дачыненне да ваенных злачынстваў і злачынствы. Гаворка ідзе пра хімічны напад на гарады Дума і Усходняя Гута ў 2013 годзе, якія ўтрымлівала апазіцыя. Тады загінула больш за 1000 чалавек і тысячы атрымалі раненні, піша AP.

Прадстаўнікі пазоўнікаў і няўрадавых арганізацый, якія падалі скаргу супраць сірыйскага прэзідэнта ў Францыі, назвалі пастанову выдаць ордар на арышт «гістарычным прысудам» і «гіганцкім крокам наперад у барацьбе з беспакаранасцю», гаворыцца ў матэрыяле.

Як паведамляе AP, у траўні французская антытэрарыстычная пракуратура звярнулася ў апеляцыйны суд Парыжа з просьбай вынесці пастанову пра скасаванне ордара на арышт Асада. Там заявілі, што ён мае абсалютны імунітэт як дзейны кіраўнік дзяржавы.

«Гэта першы выпадак, калі нацыянальны суд прызнаў, што асабісты імунітэт дзейнага кіраўніка дзяржавы не з'яўляецца абсалютным», – адзначылі юрысты.

Сірыя сцвярджае, што пазбавілася свайго арсеналу хімічнай зброі ў адпаведнасці з пагадненнем 2013 года. Аднак з тых часоў групы назіральнікаў прадаўжаюць заяўляць пра хімічныя напады з боку сірыйскіх урадавых сілаў, піша AP.

У матэрыяле таксама гаворыцца, што Сірыя не з'яўляецца чальцом Міжнароднага крымінальнага суда. Гэта азначае, што ён не мае над ёй юрысдыкцыі. Аднак праваабаронцы заклікалі пракурораў распачаць расследаванне злачынстваў. Паводле іхніх словаў, суд можа ажыццяўляць юрысдыкцыю ў дачыненні да сірыйскіх цывільных асобаў, вымушана перамешчаных у Іярданію, якая з'яўляецца чальцом гэтага суда.

Пакуль суд не пачаў расследаванне, дадалі ў AP.

Там таксама паведамілі, што следчая група Арганізацыі забароны хімічнай зброі неаднаразова фіксавала ўжыванне хімічнай зброі сірыйскімі войскамі, сярод іншага, падчас нападу на Думу ў красавіку 2018 года. Аднак, як піша AP, у Арганізацыі няма ніякіх інструментаў для змушэння вінаватых да адказнасці.

Апошнія навіны