BE RU EN

У Менску адну з найлепшых перакладніцаў з кітайскай асудзілі за ўдзел у пратэстах

  • 26.06.2024, 18:43

Ці заступіцца за настаўніцу гімназіі амбасадар Кітая?

У Менску вынеслі прысуд 24-гадовай настаўніцы кітайскай мовы Дар'і Хмяльніцкай. Яе асудзілі на 5,5 гады за ўдзел у акцыях пратэсту і данаты, паведамляе Dissident.by.

Нагадаем, суд над Дар'яй Хмяльніцкай пачаўся 22 красавіка. Яе абвінавачвалі паводле двух артыкулаў КК: ч. 1 арт. 342 (Арганізацыя дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, або ўдзел у іх) і ч. 2 арт. 361-3 (Вярбоўка, навучанне, іншая падрыхтоўка або выкарыстанне беларусаў для ўдзелу на тэрыторыі іншай дзяржавы ў вайне, а таксама фінансаванне або іншае матэрыяльнае забеспячэнне такой дзейнасці).

Справу разглядала суддзя Менскага гарадскога суда Алена Ананіч, вядомая сваімі палітычнымі прысудамі.

Дар'я Хмяльніцкая родам з Менска, вучылася ў беларускамоўнай гімназіі №23 у цэнтры горада. Пасля школы паступіла на філфак БДУ на спецыяльнасць «усходняя філалогія», вучыла кітайскую мову. Яе дыплом быў прызнаны адным з найлепшых дыпломаў філфака 2022-га. Пасля заканчэння ўніверсітэта Дар'я пайшла працаваць у сваю 23-ю гімназію ў Менску і паступіла ў магістратуру філфака БДУ.

Таксама дзяўчына ўдзельнічала ў конкурсах напісання эсэ і перакладаў на беларускую мову. Летась яна заняла другое месца на конкурсе «Люстэрка слоў» у катэгорыі «мастацкі пераклад кітайскай прозы на беларускую мову». Дар'я захапляецца кітайскай культурай і вядзе блог пад нікнеймам «Кніжны цмок», дзе піша ўласныя фанфікі (творы паводле іншых вядомых кніг, фільмаў, гульняў і г.д.) на беларускай мове і расказвае пра сваё жыццё. Апошняя публікацыя там датуецца 13 траўня 2023 года.

Адзначым, амбасадар КНР у Беларусі Се Сяоюн.

Апошнія навіны