BE RU EN

Беларусаў папярэдзілі аб значным росце коштаў на таксі

  • 26.06.2024, 12:28

Калі?

Ужо гэтым летам у Беларусі сур'ёзна зменяцца ўмовы для пасажырскіх перавозчыкаў, у тым ліку таксі. Ім давядзецца зарэгістравацца ў новым дзяржрэестры і ўнесці карэктывы ў звыклыя ўмовы працы. Кіроўцы ўжо папярэдзілі, што новаўвядзенні, прадугледжаныя ўказам нумар 32 «Аб аўтамабільных перавозках пасажыраў», прывядуць да «непазбежнага» скарачэння колькасці таксістаў, а таксама да «значнага росту» цэн на іх паслугі.

Большасць таксістаў, апытаных журналістамі парталу «Аўтабізнэс», сышліся ў меркаванні, што пасля абавязковай рэгістрацыі таксі ў спецрэестры шматлікім удзельнікам рынку давядзецца перагледзець умовы працы і, магчыма, адмовіцца ад гэтай справы. Бо за ўключэнне ў рэестр, са слоў кіроўцаў, давядзецца заплаціць немалую суму. У выніку таксістаў, як чакаецца, стане менш, што непазбежна прывядзе да росту тарыфаў.

«Паводле нашых падлікаў, (тарыфы вырастуць – рэд.) працэнтаў на 25-30. Але ж паслугі таксі ў нас і так адны з самых танных у свеце. Усюды яно лічыцца транспартам прэміум-класа, г.зн. падвышанай камфортнасці. Так што ўсё нармальна», – падзяліўся сваім поглядам на сітуацыю берасцейскі прадпрымальнік Юры.

Ягоны калега з Горадні, які працуе ў таксі нядаўна, адзначыў, што асабіста яго «маючыя адбыцца новаўвядзенні не радуюць».

«Прыбытак сапраўды большы не стане, хутчэй, паменшыцца, бо ёсць імавернасць падвышэння кошту паездкі для пасажыраў. Попыт на таксі можа істотна знізіцца», – пракаментаваў мужчына «непазбежнае павышэнне коштаў».

Такое ж меркаванне выказаў Уладзіслаў з Берасця, які працуе ў таксі ў якасці наёмнага работніка. З ягоных слоў, патрабаванне заканадаўцаў аб абавязковым уключэнні ў рэестр зʼяўляецца «празмерным» і ў выніку «хутчэй звузіць рынак і прывядзе да значнага росту цэн на паездкі».

Пры гэтым іншы таксіст, Аляксей з Берасця, чаканае павышэнне тарыфаў, наадварот, расцаніў як пазітыўны момант. З ягоных слоў, цяпер паслугі таксі ў Беларусі «занадта танныя» з улікам росту затрат на паліва, рамонт і абслугоўванне аўто.

Апошнія навіны