BE RU EN

На таргі выставілі зямельны ўчастак Віктара Бабарыкі

  • 26.06.2024, 11:44

Ён знаходзіцца за 20 км ад МКАД.

На сайце электронных таргоў «БелЮрЗабеспячэнне» выставілі на продаж з аўкцыёну чарговую маёмасць, якая належыць Віктару Бабарыку, – зямельны ўчастак з лазняй у вёсцы Мачаны. Таргі павінны прайсці 31 ліпеня.

Выставілі на аўкцыён участак плошчай 0,75 га ў вёсцы Мачаны Лагойскага раёну (гэта блізу 20 км ад МКАД). Ён прызначаны для вядзення асабістай дапаможнай гаспадаркі. Зямля знаходзіцца ў водаахоўнай зоне вадасховішча Вяча.

На ўчастку размешчана лазня з прафіляванага бруса, сцены аздоблены драніцай. Памер пабудовы 9×7,2 метра, ёсць тэраса 9,7×7,8 метра.

У будынку праведзеная электрычнасць. Лазня абабітая вагонкай з лісцяных парод. Устаноўлена печ для лазні Кastor Saga 20 TS1.

Даўжніком лічыцца Віктар Дзмітрыевіч Бабарыка. Маёмасць была арыштаваная следствам, судовым выканаўцам накладзеная забароная на здзяйсненне рэгістрацыйных дзеянняў.

Пачатковы кошт маёмасці складае 152 695 рублёў. Пры наяўнасці ўдзельнікаў таргоў аўкцыён адбудзецца 31 ліпеня.

Нагадаем, экс-старшыня праўлення «Белгазпрамбанка» Віктар Бабарыка 12 траўня 2020 года заявіў аб сваіх прэзідэнцкіх амбіцыях. Да моманту рэгістрацыі кандыдатаў Бабарыка быў ужо затрыманы. У рэгістрацыі яму адмовілі на падставе інфармацыі з ліста КДК.

6 ліпеня 2021 года Вярхоўны суд вынес прысуд, Віктар Бабарыка атрымаў 14 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму.

Раней праз аўкцыёны прадалі некаторую маёмасць Віктара Бабарыка, у тым ліку аўтамабіль і гадзіннік.

Апошнія навіны