«Расея з самага пачатку рыхтавала «план Б» па Харкаве»
- 26.06.2024, 9:50
Вайсковы экспэрт патлумачыў задуму ворага.
Расея, імаверна, першапачаткова рыхтавала так званы «план Б» па Харкаўшчыне, які прадугледжваў стварэнне санітарнай зоны ў раёне. Такі запасны сцэнар РФ рыхтавала на выпадак, калі не атрымаецца ўклініцца глыбей ва ўкраінскую лінію абароны і сысці ўглыб Харкава.
Пра гэта ў эфіры тэлемарафону заявіў кіраўнік Цэнтра вайскова-прававых даследаванняў Аляксандр Мусіенка. Расейскія прапагандысты пры такім сцэнары маглі б заявіць, што адпаведная санітарная зона была нібыта створана для таго, каб спыніць абстрэлы Белгародскай вобласці.
«Здавалася б, бяспройгрышны варыянт прапагандысцкі. Сказаць, што гэтак і было задумана. На Харкаў ніхто і не ішоў. Іх мэта была – вузкая паласа, якую цяпер кантралююць. Але калі гэтая санітарная зона была для таго, каб спыніліся абстрэлы Белгарадскай вобласці, то яны не спыніліся. Па вайсковых аб'ектах туды як ляцела, так і будзе ляцець», – заявіў Мусіенка.
Экспэрт таксама зазначыў, што ў Харкаўскай вобласці ўкраінскія абаронцы прадэманстравалі эфектыўныя дзеянні, а таксама Украіна адчула падтрымку краін Захаду.
«Было дакладна акрэслена дазволам біць па тэрыторыі Расеі, што гэта такія своеасаблівыя чырвоныя лініі для Пуціна. Калі б Пуцін пайшоў далей, ці калі ён пойдзе далей, калі паспрабуе перакінуць туды сілы і пашырыць наступ, я практычна ўпэўнены, што ЗША дазволяць нам біць на больш далёкую тэрыторыю. Таму што гэта так не працуе, гэта былі свядомыя чырвоныя лініі ад нашых партнёраў», – дадаў Мусіенка.