BE RU EN

«Людзі беглі з лесу ўтрох як варам аблітыя»

  • 25.06.2024, 18:54

Мядзведзі сталі прыходзіць на пляцы да людзей пад Барысавам.

Мядзведзі сталі прыходзіць на пляцы да людзей пад Барысавам, піша Альжбэта Мазурчык на партале mlyn.by.

Жыхары вёскі Юзэфава ў Барысаўскім раёне ўпершыню заўважылі сляды драпежніка, якія адбіліся на размытай дарозе пасля дажджу, паўтара месяца таму. З таго часу мясцовы жыхар Дзмітрый Зеляноўскі кожныя выходныя выяўляе сляды мядзведзя на сваім пляцы. Паводле ягоных слоў, жывёліны ўпершыню прыйшлі ў вёску. Прычым іх сталі таксама заўважаць і ў навакольных Старым Янчыне, Старынках, Кострыцы, Бродаўцы.

- Упершыню ў сябе я знайшоў сляды на бульбяным пляцы, - прызнаўся мясцовы жыхар.

Ён дадаў, што ўжо праз тыдзень у агародзе іх было двое, удакладніўшы, што былі і вялікія сляды, і маленькія, гэта значыць мядзведзя і медзведзяняці. Дзмітрый расказаў, што пачаў агароджваць бульбу, а пазней паставіў нават паркан. Акрамя таго, ён пра ўсё паведаміў паляўнічаму, патэлефанаваў у паляўнічую гаспадарку, дзе яму сказалі, што меры будуць прынятыя толькі пры спробе нападу і параілі выкарыстоўваць шумавыя пасткі.

Мужчына купіў у краме піратэхнікі петарды, аднак скарыстацца імі ў момант сустрэчы з мядзведзем у лесе забыўся.

- Я пра іх успомніў, толькі калі выбег з лесу. Я чуў гук дзікай жывёліны за метраў 50 ад сябе, і нават не спрабаваў яе разгледзець. Было не да гэтага.

Аднак Дзмітрый быў не адзіным, хто сустрэўся з драпежнікам у лесе. Са слоў мясцовага жыхара, на мінулыя выходныя мядзведзь спалохаў грыбнікоў, якія выбягалі з лесу, размешчанага ад яго дома праз рэчку.

- Людзі беглі з лесу ўтрох як варам аблітыя. Яны пачулі за спінай роў, казалі, што ім траім адначасова дакладна не магло падацца, - паведаміў мужчына.

Апошнія навіны