BE RU EN

«Аўтобус будзе Берасце - Стамбул - Варшава»

  • 25.06.2024, 15:45

Беларусы абмяркоўваюць магчымае закрыццё пагранпераходу «Берасце — Тэрэспаль».

Увечары, 22 чэрвеня, міністр замежных спраў Польшчы Радаслаў Сікорскі ў эфіры тэлеканала TVN заявіў, што ўрад Польшчы разглядае магчымасць закрыцця ўсіх астатніх пунктаў пропуску на мяжы з Беларуссю. Цяпер вывучаецца пытанне, ці паўплывае гэта на эканоміку.

У той жа дзень прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда прыбыў з афіцыйным візітам у Кітай. Перад ад'ездам ён заявіў, што будзе абмяркоўваць са старшынём КНР Сі Цзіньпінам пытанні эканомікі і бяспекі, Беларусь і сітуацыю на мяжы.

Навіна аб магчымым закрыцці астатніх пагранпераходаў на мяжы Беларусі і Польшчы ў момант трапіла ва ўсе прыгранічныя тэлеграм-чаты. Журналісты Bgmedia паглядзелі, як людзі абмяркоўвалі яе (арыгінальная арфаграфія і пунктуацыя каментароў захаваны):

«Ёсць тут тыя, хто заехаў у Польшчу ў апошні дзень? Польскіх памежнікаў не пыталіся пра закрыццё пераходаў?».

«Што гавораць на мытні аб поўным закрыцці межаў?».

«Хто ў жывую чуў, ці гавораць нешта на пераходзе Беларусь-Польшча аб закрыцці мяжы?».

На гэтыя пытанні адказвалі так:

«Па досведзе мінулых закрыццяў, тамака было блізу дня, ад апавяшчэння да фактычнага закрыцця».

Хтосьці выказаў здагадку, што пункт пропуску «Тэрэспаль» закрыюць, але адкрыюць пункт пропуску «Баброўнікі»:

«Я думаю, што Тэрэспаль сапраўды закрыюць, але адкрыюць Баброўнікі».

Калі Польшча закрые ўсе пагранпераходы, то нагрузка ляжа на Літву.

Таксама ў прыгранічных чатах абмяркоўвалі версію, што калі Польшча ўсё ж закрые ўсе пагранпераходы на мяжы з Беларуссю, то нашы суайчыннікі будуць ездзіць праз Літву. Тавары і гандаль таксама будуць ісці праз яе:

«Ляжа ўсё на літоўцаў».

«Беларуськалій перасталі перавальваць у Клайпедзе і ні літоўская чыгунка, ні порт не згалелі».

«Цяпер ужо калапс, порт забіты аўтамабілямі, караблі не прымаюцца».

Аўтобус Берасце - Стамбул - Варшава і хвіліна для гумару

Магчымае закрыццё ўсіх пагранпераходаў на мяжы Польшчы з Беларуссю азначае і закрыццё пасажырскага пагранперахода «Казловічы — Берасце». У чатах ці то жартам, ці ўсур'ёз пачалі пісаць, што ў такім выпадку будуць дабірацца з Берасця ў Варшаву праз Стамбул:

«Мне праз Турцыю трэба будзе ў Польшчу ездзіць?».

«Нічога, будзем праз Турцыю ездзіць, аўтобус будзе Берасце - Стамбул - Варшава».

«Гэтак хутчэй будзе. Я з Берасця 21 гадзіну да Варшавы дабіраўся. Праз Стамбул хутчэй».

Апошнія навіны