BE RU EN

ЕЗ падоўжыў часовую абарону для ўкраінцаў да 2026 года

  • 25.06.2024, 14:59

На тэрыторыі Еўразвяза знаходзяцца 4,2 мільёна ўкраінцаў, якія ратуюцца ад вайны.

Рада Еўразвязу прадоўжыла тэрмін часовай абароны для бежанцаў з Украіны да сакавіка 2026 года, паведамляецца ў прэс-рэлізе, апублікаваным у аўторак, 25 чэрвеня, на афіцыйным сайце Рады ЕЗ.

«Дзень за днём Расея тэрарызуе ўкраінскі народ бамбаваннямі. Гэта небяспечныя абставіны. Тыя, хто ўцёк ад расейскай агрэсіі, могуць і надалей разлічваць на нашу салідарнасць», - заявіла Ніколь дэ Мур, дзяржаўная сакратарка ў пытаннях прытулку і міграцыі Бельгіі, краіны-старшыні Рады Еўразвязу.

З ініцыятывай аб падаўжэнні часовай абароны для ўкраінцаў у ЕЗ 11 чэрвеня выступіла Еўрапейская камісія, назваўшы гэты крок «неабходным і мэтазгодным адказам на наяўную сітуацыю». Паводле звестак Еўракамісіі, на гэты момант на тэрыторыі Еўразвязу знаходзяцца 4,2 млн украінцаў, якія ратуюцца ад вайны.

Часовая абарона ЕЗ для бежанцаў з Украіны

Дырэктыва аб часовай абароне для бежанцаў з Украіны набыла моц у ЕЗ праз некалькі дзён пасля расейскага ўварвання ў гэтую краіну. Яе мэта - не дапусціць перагрузкі нацыянальных сістэм давання прыстанішча пры масавым прытоку бежанцаў у дзяржавы Еўразвязу.

Фактычна людзі, якія ўцякаюць ад вайны, атрымліваюць дазвол на жыхарства хутка і без бюракратычных працэдур. Атрымаўшы дазвол, яны могуць прэтэндаваць на медыцынскую і сацыяльную дапамогу, свабодны доступ да адукацыі і рынку працы на ўсёй тэрыторыі ЕЗ.

Апошнія навіны