Расейцы выдалі подзвіг украінскага героя за свой
- 24.06.2024, 18:02
Украінец бясстрашна біўся з двума акупантамі.
Расейцы паспрабавалі прыпісаць сабе подзвіг украінскага абаронцы, які бясстрашна змагаўся адразу з двума акупантамі.
Размова ідзе пра кіроўцу Трэцяй штурмавой брыгады Аляксея Родзіна, відэа з якім апублікаваў у сацсетках журналіст Юрый Бутусаў.
На апублікаваных кадрах відаць, як украінец, прасоўваючыся па акопе, уступае ў блізкі бой з захопнікамі, што апынуліся на яго шляху, і выходзіць з яго пераможцам, ліквідаваўшы адразу двух салдат праціўніка.
У сваю чаргу здзіўленыя яго гераізмам крамлёўскія прапагандысты надумалі выдаць украінца за свайго вайскоўца, каб чарговым разам прысвоіць сабе чужое дасягненне.
У якасці довадаў на карысць свайго фэйка яны адзначылі, што на руцэ байца была белая павязка, аднак, як распавёў сам Родзін, гэта былі не знакі адрознення, а бінты, якімі ён пераматаў свае раны.