BE RU EN

Анджэй Дуда накіраваўся ў Кітай, дзе будзе гаварыць і пра Беларусь

  • 22.06.2024, 18:50

У тым ліку аб чыгуначных маршрутах, якія праходзяць праз Беларусь.

Прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда накіраваўся з афіцыйным візітам у Кітай. Найважнейшыя пытанні, якія будуць абмяркоўвацца падчас гэтага візіту – бяспека і эканоміка.

Як паведаміла прэсавая служба польскага прэзідэнта, падчас знаходжання ў Кітаі ў Дуды запланаваны сустрэчы са старшынёй КНР Сі Цзіньпінам і кіраўніком урада гэтай краіны Лі Цянам. Таксама польскі лідэр возьме ўдзел у летнім Усясветным эканамічным форуме ў Даляне і ў польска-кітайскім эканамічным форуме ў Шанхаі.

Перад адпраўленнем у Кітай на спецыяльным брыфінгу Анджэй Дуда адзначыў, што ў гэтым візіце вельмі важным будзе палітычны кампанент.

"Мы маем вайну ва Украіне, а таксама гібрыдную атаку Беларусі на польскую мяжу, дзе беларускія ўлады ўжо тры гады безупынна штурхаюць нам мігрантаў, прымушаючы іх спрабаваць незаконна перайсці мяжу", — адзначыў польскі прэзідэнт.

Адна з найважнейшых ідэй Кітая — гэта так званая ініцыятыва “Пас і Шлях”, што ўключае стварэнне транспартных шляхоў, якія дазвалялі б дастаўляць кітайскія тавары ў Еўропу па зямлі. Пры гэтым адзін з найважнейшых чыгуначных маршрутаў праходзіць праз Беларусь.

Гэты маршрут, які праходзіць праз Беларусь, сёння падпадае пад абмежаванні праз гібрыдную атаку, якую ажыццяўляюць беларускія ўлады на польскую мяжу, і пра гэта Анджэй Дуда таксама мае намер размаўляць з Сі Цзіньпінам.

«Стасункі Кітая з Беларуссю традыцыйна прыязныя. Я хачу падаць гэтую сітуацыю старшыні КНР Сі Цзіньпіну і расказаць, з чым мы сутыкаемся», — заявіў Дуда.

«Гэты візіт вельмі важны для нашай бяспекі ў Еўропе. Мы ведаем, што Кітай — звышдзяржава, мы ведаем, што ён мае сяброўскія стасункі не толькі з Беларуссю, але і з Расеяй, а Расея сёння з'яўляецца агрэсарам ва Украіне. І гэта тое, што я хачу абмеркаваць са старшынёй Сі Цзіньпінам. Ні для каго не сакрэт, што ўплыў Кітая, у тым ліку на Расею, безумоўна, вялікі. Прадставіць наш пункт гледжання на гэтае пытанне старшыні Сі Цзіньпіну, на мой погляд, вельмі важна», — дадаў палітык.

Перамовы Дуды і Сі Цзіньпіна запланаваныя на 24 чэрвеня, у той жа дзень плануецца сустрэча з кітайскім прэм'ерам Лі Цянам ды іншымі сябрамі ўрада.

Апошнія навіны