BE RU EN

Адбыўся пералом: На Захадзе прынялі фатальную пастанову для РФ

  • 22.06.2024, 17:55

Экс-кіраўнік МЗС Украіны звярнуў увагу на важны нюанс.

Працэс надання Украіне дазволу наносіць удары па тэрыторыі РФ дальнабойнымі ракетамі (да 300 кіламетраў) паскорыцца. Захад перайшоў уласныя «чырвоныя лініі», якія стрымлівалі іх у прыняцці пастановаў пра вайну ва Украіне апошнія два гады. Пра гэта падчас чату на «Главред» заявіў дыпламат, былы міністр замежных справаў Украіны, кіраўнік Цэнтра даследаванняў Расеі Уладзімір Агрызка.

Паводле ягоных словаў, ЗША ўсё яшчэ вагаюцца і шукаюць апраўданні, чаму нельга дзейнічаць, у той час як Еўропа, якая бліжэйшая да пагрозы, ужо зрабіла свой выбар. Невялікія краіны, як Данія, Нідэрланды і паўночныя краіны, дэманструюць уражлівую знешнепалітычную актыўнасць і смеласць.

«Я ўжо не кажу пра Францыю, якая цяпер выконвае ўнікальную ролю і становіцца прыкладам палітычнага лідарства. Думаю, такога ж мы павінны чакаць і ад Нямеччыны, хоць тут ёсць пэўныя моманты. Але ў аб'ёмах дапамогі Нямеччына цяпер выйшла ў лідары і дапамагае Украіне ўсім, чым можа. І інфармацыя, што немцы дадуць чарговы Patriot, з'яўляецца таму пацвярджэннем», – паказвае дыпламат.

Дыпламат дадаў, што пералом у адносінах да дапамогі заходніх краінаў Украіне ўжо адбыўся.

«Пастанова саміту G7, сярод іншага, пра выкарыстанне расейскіх грошай з'яўляецца пацверджаннем таго, што нарэшце на Захадзе сталі рэалістычна глядзець на тое, што такое Расея, і зразумелі, што з ёй нельга дамовіцца. А Пуцін гэтаму актыўна дапамагае: апошні шалёны “план міру” проста пацвердзіў неадэкватнасць расейскага дыктатара. А значыць, зразумела, што трэба нешта з гэтым рабіць», – сказаў Агрызка.

Ён выказаў меркаванне, што Захад прадоўжыць рухацца наперад. Аднак гэта не азначае, што Захад імкнецца да распаду Расеі і з'яўлення 15 новых пострасейскіх дзяржаваў на яе месцы.

«На жаль, гэта не так. Але няўжо ў 1991 годзе гісторыя паслухалася амерыканскага прэзідэнта ці брытанскага прэм'ера, якія гэтак сама не хацелі распаду СССР? Проста ёсць аб'ектыўныя рэчы, пра якія мы з вамі толькі што гаварылі, і якія падточваюць знутры гэтую даволі трухлявую канструкцыю», – падкрэсліў дыпламат.

Экс-кіраўнік МЗС узгадаў пра кіраўніка «Вагнера» Яўгенія Прыгожына, які мог бы дасягнуць Масквы, калі б прайшоў яшчэ 200 кіламетраў. Ён адзначыў, што тады толькі цуд выратаваў пуцінскі рэжым ад падзення, бо вайскоўцы проста назіралі і не падтрымлівалі расейскага дыктатара.

«А некаторыя людзі размахвалі сцяжкамі і падтрымлівалі Прыгожына. Таму вельмі многія рэчы сведчаць, што рэжым гнілы і ўпадзе», – робіць выснову ён.

Агрызка робіць выснову, што для заходніх партнёраў гэта пакуль найгоршы сцэнар, паколькі яны не ведаюць, як дзейнічаць далей.

«Мой адказ просты: садзіцца думаць, фармуляваць сваю палітыку, пісаць сцэнары, разумець, з кім трэба ўжо сёння пачынаць працаваць унутры Расеі і г.д.», – указаў ён.

Апошнія навіны