BE RU EN

Топ маляўнічых мясцінаў для летніх падарожжаў па Беларусі

  • 22.06.2024, 10:13

Далей ад гарадской задухі.

Лета ў Беларусі абяцае быць гарачым, у сувязі з чым журналісты nashaniva.com пастанавілі сабраць топ месцаў, дзе можна дыхаць на поўныя грудзі, плаваць і атрымліваць асалоду ад прыроды.

Падвесныя драўляныя масты праз Нарачанку ў Вілейскім раёне.

Самы зручны транспарт для таго, каб даследаваць усе масты Вілейскага раёна, вядома, аўто. Але можна абысціся і аўтобусам – спачатку даехаць да самой Вілейкі, а потым перамяшчацца паміж вёскамі – на аўтобусах і пешшу.

Першы арыенцір – вёска Ручыца. Раней яна называлася Ганута і мела вядомую гісторыю: для Міхаіла Агінскага гэтае месца служыла летняй рэзідэнцыяй, тут быў пабудаваны вялікі палац і гаспадарчы двор. Некаторыя мяркуюць, што менавіта тут Агінскі напісаў паланэз «Развітанне з Радзімай».

На жаль, у 1943 годзе вёску спалілі, а палац разабралі на цэглу. Але наша мэта – падвесны мост – функцыянуе і служыць сродкам пераходу праз раку Нарачанку да суседняй вёсцы Красніца.

Каардынаты: 54.45088, 26.66602

Яшчэ адзін падвесны мост знойдзеце за чатыры кіламетры пешшу – у межах вёсак Вайдзені і Доўгае.

Каардынаты: 54.48251, 26.71886

Самы абноўлены і мінімальна экстрэмальны мост чакае ў вёсцы Набярэжная. Рухаючыся туды, раім зайсці ў Прынту, каб загадаць жаданне ля знакамітага дуба-гіганта. Дрэва яшчэ называюць Шывай. Кажуць, што ўсё загаданае там збываецца.

Каардынаты: 54.50005, 26.73593

Па слядах былых ледавікоў

Блакітныя азёры складаюцца з 15 азёраў, утвораных у выніку таплення ледавіку. Абрамленыя хваёвымі барамі, знаходзяцца яны ў Мядзельскім раёне, побач з вёскай Грумбіненты.

На месцы можна адправіцца на трэкінг-экскурсію па адным з маршрутаў – сцежка троляў, Балдуцкая або экасцежка, якая так і называецца – Блакітныя азёры, і, вядома ж, наплавацца ад душы.

Існуе і варыянт для самых натрэніраваных – паход па наваколлях даўжынёю 16 кіламетраў. Прасцей за ўсё тут даверыцца прафесіяналам-гідам. Сярод іх прапановаў – супернасычаная праграма на дзень: магчымасць убачыць вадаспад на руінах ляснога млына 1903 года, пераадоленне канатнай пераправы праз раку Страча і наведванне серавадароднай крыніцы – Вока Цыклопа.

Калі ў вас будзе магчымасць і час, абавязкова заплануйце візіт у вёску Камарова падчас гэтай паездкі. Яе развіццю большую частку свайго жыцця аддаў экс-дэпутат Вярхоўнага савета Эдуард Вайцяховіч, якога не стала ў 2022 годзе. Ён стварыў там Цэнтр развіцця сельскага прадпрымальніцтва. Дзякуючы яго энэргіі ў вёсцы ўзніклі ўласныя пякарня і сыраварня.

Абавязкова паспытайце лакальныя прысмакі і пашпацыруйце па зялёнай тэрыторыі сядзібнага комплексу 19–20 стагоддзяў.

Людзі на балоце

Калі вы да гэтага часу не даследавалі свет беларускага балота, то самы час. Адзін з самых папулярных маршрутаў у гэтым кірунку – заказнік «Ельня». Ягоная экасістэма складаецца з балотаў, найстарэйшае з якіх налічвае блізу дзевяці тысячаў гадоў.

Шпацыруючы па экасцежцы, можна сустрэць птушак, а таксама розных жывёлаў. Зрабіць вялікую колькасць сэлфі на фоне каляровых дываноў з раслінаў і ягадаў – у чэрвені яшчэ можна заспець буякі і чарніцы. А самае галоўнае – надыхацца чыстым паветрам: балота вылучае ў разы больш кіслароду, чым хваёвыя лясы.

Для зручнасці можна запісацца на эка-тур у адным з агенцтваў – напрыклад, ёсць варыянт з выездам з Менска і наведваннем вадаспаду на рэчцы Вята. Але прапановаў на гэтым кірунку існуе вельмі шмат.

Браслаўскі курорт

Браслаў, мабыць, самы курортны беларускі горад. Размясціўшыся сярод трох азёраў – Навяты, Бярэжа і Дрывяты – і дзясятка вадаёмаў, ён будзе ідэальнай лакацыяй для рэлаксу на выходныя або больш.

Можна проста чыліць каля вады, а можна правесці час актыўна – узяць напракат байдарку, сап-борд або ровары, скіраваўшыся вывучаць наваколлі. Большую частку забаваў прапануе мясцовы фізкультурна-спартовы клуб «Дрывяціч».

Абавязкова наведайце Замкавую гару – старажытнае гарадзішча ў самым цэнтры, з якім і звязаная легенда пра заснаванне горада. Адтуль адкрываецца цудоўная панарама на Браслаў.

Ад спякоты можна схавацца ў парку Бяльмонт – другім у велічыні ў Беларусі з яго 62 гектарамі. Парк быў закладзены яшчэ ў сярэдзіне 18 стагоддзі. Перасоўваючыся там па экалагічнай сцежцы, трымайце ў галаве, што тут у свой час знаходзілася стаўка палкаводца Барклая дэ Толі, сюды зазіралі неапалітанскі кароль Мюрат, Аляксандр I ці, напрыклад, дзекабрысты.

Альтэрнатыва сталічнаму Батанічнаму саду на ўсходзе краіны.

Батанічны сад пры сённяшняй БДСГА ў Магілёўскай вобласці пачалі ствараць яшчэ ў 1840 годзе для практычных заняткаў студэнтаў у батаніцы, лесаводстве і садоўніцтве. Сёння ў калекцыях Горацкага батанічнага саду і дэндрарыя налічваецца 840 родаў, 1476 відаў і 1045 гатункаў дэкаратыўных раслінаў. Так што калі вы ўжо абышлі ўздоўж і ўпоперак Батанічны ў Менску, гэта цудоўны план для падарожжа на выхадныя.

Паводле графіка летам у Горках на ўсю моц квітнеюць ружы, клемацісы, флоксы і вялікая колькасць кустоў.

Сам Батанічны сад размяшчаецца на тэрыторыі акадэмгарадка – з карпусамі (у тым ліку старой забудовы, да якой меў дачыненне італьянскі архітэктар Кампіён), інтэрнатамі, бібліятэкай, возерам і вялікай колькасцю зеляніны. Існуе нават спецыяльны пешаходны маршрут, каб дакладна не прапусціць усе будынкі з гісторыка-культурным статусам.

Апошнія навіны