BE RU EN

«А так крычалі ў тэліку, што патаннее»

  • 20.06.2024, 21:03

Мянчанка расказала пра кошт лекавання зуба ў дзяржаўнай стаматалогіі.

Жанчына расказала ў TikTok, што звярнулася ў платны кабінет дзяржаўнай стаматалогіі ў Менску для аднаўлення жавальнага зуба з пульпітам. Лекаванне доўжылася блізу дзвюх гадзінаў і пацыентка меркавала, што паслуга будзе каштаваць дорага. Але сума ў чэку яе шакавала. Аднак некаторыя каментатары паведамілі пад відэа, што такі кошт абгрунтаваны, паведамляе «Люстэрка».

Ціктокерка расказала, што на першым прыёме ў платным кабінеце дзяржпаліклінікі лекарка паклала ў паражніну яе зуба лекі. За гэта жанчына заплаціла 43 рублі 35 капеек. Паводле ейных словаў, стаматолаг паведаміла, што для далейшага лекавання пацыентцы трэба прыйсці да іх праз два тыдні. Жанчына так і зрабіла.

– Я праляжала ў гарызантальным становішчы дзве гадзіны (на другім прыёме. – Заўвага. рэд.). Працы там было шмат, лячылі тры каналы. Хоць лекарка казала, што ад зуба практычна нічога не засталося, толькі сценкі па баках і ўсё астатняе пломба. Ляжала і думала, што, напэўна, патраплю на 200–250 рублёў, – расказала беларуска.

Але калі ёй прад'явілі да аплаты рахунак, то эмоцыі жанчыны былі такімі, што «не перадаць словамі». Ёй трэба было аплаціць 580 рублёў 61 капейку.

– Скажыце, гэта нармальна? Ці я зубы проста даўно не лячыла, – звярнулася аўтарка роліка да гледачоў.

У каментарах жанчына патлумачыла, што лячылася ў дзяржаўнай паліклініцы ў Менску. Да гэтага ёй лячылі «просты зуб» бясплатна, а складаны, з пульпітам, параілі зрабіць у іх платным кабінеце, маўляў, матэрыялы там лепшыя.

Людзі, якія праглядзелі відэа, не сышліся ў адзінай думцы. Частка з іх разам з аўтаркай абуралася коштам і адзначалі, што «беларускія стаматалогіі жывуць у іншай дзяржаве», маўляў, вельмі ўжо яны нахабныя. Іншыя меркавалі, што гэта цалкам прымальны кошт за такі аб'ём працы. Таксама некаторыя ўзгадвалі, што жанчыны шмат грошай выдаткоўваюць на б’юці-паслугі, а за лекаванне зуба заплаціць шкада. Вось некаторыя каментары:

«У нас заробкі беларускія, а кошты еўрапейскія».

«За тры каналы і поўную рэстаўрацыю зуба – гэта выдатны кошт».

«Абсталяванне і матэрыялы далёка не беларускія, а набыць усё каштуе вялізных грошай. Бярыце гэта да ўвагі».

«Слухайце! Заробкі беларускія, але большасць ходзяць з пазногцямі, з вейкамі, дэпіляцыяй і г.д. А як зуб палячыць – дайце бясплатна. Вы зажэрліся, таварышы».

«Я ў Віцебску за такую працу блізу 300 рублёў аддавала, а не 600».

«Такое пачуццё, што стаматолагі жывуць на іншай планеце, яны не ў курсе нашых прыбыткаў».

«А так крычалі ў тэліку, што патаннее. І зрабілі роўна наадварот».

«Чаму загадзя не інфармуюць пра кошт лекавання на кансультацыі? Атрымліваецца, што вы лечыцеся невядома за якую суму. Няўжо гэта законна?»

«Карацей, у каго грошай няма, будуць бяззубыя. З такімі стаўкамі не кожны зможа сабе дазволіць зубкі».

«Я ў бясплатнай паліклініцы чацвёрты дзень чакаю чаргі на выдаленне. Паўтвару распухла. Але я не здаюся. Паціху лезу на сцяну. У нас жа сацыяльная дзяржава».

«У мяне адразу б інфаркт быў, калі б мне сказалі аплаціць такую суму».

Апошнія навіны