BE RU EN

ЗША перакінулі ядзерныя бамбавікі бліжэй да КНДР пасля візіту Пуціна

  • 20.06.2024, 20:58

Група бамбавікоў B-1B Lancer была накіраваная на базу Гуам у заходняй частцы Ціхага акіяна.

ЗША ўзмацнілі прысутнасць стратэгічных сілаў у азіяцкім рэгіёне пасля візіту Уладзіміра Пуціна ў КНДР, паводле вынікаў якога Масква і Пхеньян аднавілі ваенны альянс, створаны ў пачатку 1960-х.

Група ядзерных бамбавікоў B-1B Lancer была накіраваная на базу Гуам у заходняй частцы Ціхага акіяна, паведаміла ў чацвер Інда-Ціхаакіянскае камандаванне амерыканскіх узброеных сілаў (PACOM).

Звышгукавыя самалёты, здольныя несці бомбы вагой да 34 тоны, прыбылі на Гуам, каб прадэманстраваць «гатоўнасць да рэагавання ў падтрымку хаўруснікаў, партнёраў і сяброў», падкрэслілі ў PACOM. Бамбавікі будуць выконваць «планавыя місіі бомбавых аператыўных групаў», гаворыцца ў паведамленні камандавання.

Як піша Stars and Stripes, практычна адначасова на Гуам упершыню за два гады прыбылі атамны авіяносец ВМС ЗША USS Ronald Reagan, а таксама ракетны эсмінец USS Robert Smalls.

Пра перакідванне стратэгічных бамбавікоў на Гуам стала вядома на наступны дзень пасля таго, як Пуцін закончыў першы за 24 гады дзяржаўны візіт у КНДР. У Пхеньяне, дзе расейскага прэзідэнта сустрэлі парадам, калонамі людзей уздоўж дарог і цыклапічнымі партрэтамі на дамах, Пуцін падпісаў пагадненне аб «стратэгічным і ўсёабдымным партнёрстве» з КНДР.

Дакумент «прадугледжвае ў тым ліку ўзаемную дапамогу ў выпадку агрэсіі супраць аднаго з удзельнікаў гэтай дамовы», казаў Пуцін на заканчэнне паездкі. Ён таксама дадаў, што Масква «не выключае для сябе» ў тым ліку ваенна-тэхнічнага супрацоўніцтва з КНДР, якое забаронена санкцыямі ААН.

У новую дамову быў уключаны пункт, які даслоўна паўтарае тэкст пагаднення, заключанага ў 1961 годзе тагачасным старшынёй Савета міністраў СССР Мікітам Хрушчовым і старшынёй Кабінета міністраў КНДР Кім Ір Сэнам. У ім гаворыцца, што калі адзін з бакоў «зазнае ўзброены напад» і «апынецца ў стане вайны», то другі «неадкладна акажа ваенную і іншую дапамогу ўсімі сродкамі, якія ёсць у яго распараджэнні».

Дамова сведчыць пра намер Пуціна стварыць кааліцыю з удзелам КНДР, Ірана і Сірыі, а гэта ясна паказвае, дзе на сусветнай арэне апынулася Расея, заявіў у чацвер дырэктар у пытаннях Еўропы Рады нацыянальнай бяспекі Белага дому Майкл Карпэнтэр.

«Найбліжэйшымі партнёрамі Крамля ў свеце сталі КНДР, Іран, Сірыя, а потым у пэўнай ступені Кітай, які хоць і не дае РФ зброі, але дасылае шмат прадукцыі падвойнага прызначэння для вытворчасці перадавых сістэмаў узбраення», – сказаў Карпентэр.

Апошнія навіны