BE RU EN

Ці прыйдуць у Беларусь віхуры і смерчы з захаду і ўсходу?

  • 20.06.2024, 15:28

Стала вядома, што адбудзецца ў найбліжэйшыя тры дні.

У Польшчы віхура 19-20 чэрвеня валіла дрэвы, знасіла дахі. У сталіцы Расеі Маскве 20 чэрвеня жыхароў заклікалі не выходзіць на двор праз смерчы, якія чакаюцца, піша telegraf.news.

А што сіноптыкі паабяцалі беларусам на фоне катастрафічных варункаў надвор'я ў суседзяў на пятніцу і выходныя? Да чаго рыхтавацца?

Так, у Польшчы магутныя віхуры пранесліся па паўднёвай і часткова ўсходняй частцы краіны, выклікаўшы сур'ёзныя разбурэнні. Пры гэтым стыхія прыняла адну з найбольш небяспечных формаў, якія часта абазначаюць небяспечныя з'явы, - лініі шквалу.

Больш за тое, віхура выклікала надзвычай вялікую колькасць удараў маланак. Хуткасць ветру перавышала 100 км за гадзіну, а віхура ахапіла адлегласць некалькі соцень кіламетраў.

А 20 чэрвеня, ужо на ўсходзе ад Беларусі, у сталіцы Расеі Маскве, абвясцілісамы высокі ўзровень небяспекі праз віхуру і магчымасці з'яўлення смерчаў. Першыя відэа тарнада ў Маскоўскай вобласці з'явіліся ў раёне абеду. Тарнада былі заўважаныя ў спальных раёнах Масквы, пад Істрай і ў раёне Ласіна-Пятроўскага.

Да чаго рыхтавацца абкдладзенай віхурамі Беларусі?

Тэлеграм-канал Nadvorie папярэдзіў, што асноўны фронт, які бушаваў у Беларусі 19 чэрвеня, пайшоў у глыбіню РФ. І зараз на тэрыторыю Беларусі паступае халаднаватае марское паветра з Балтыкі. «… гэта адбываецца на фоне падвышанага атмасфернага ціску, таму сёння ў прынцыпе нядрэннае надвор'е, ападкі днём магчымыя толькі месцамі і магчыма на ўсходзе краіны. Тэмпература ўдзень +19..+22°С, свежы паўночна-заходні ветрык парывамі да 12-15 м/с», - распавёў пра надвор'е ў чацвер, 20 чэрвеня, сіноптык ТГ-канала.

А вось прагнозам на пятніцу і выходныя (21-23 чэрвеня) падзяліліся метэаролагі Белгідрамета. Там паабяцалі, што ў пятніцу, 21 чэрвеня, надвор'е будзе не страшным і без усялякіх асабліва небяспечных з’яў. Беларусам спрагназавалі пераменную воблачнасць без ападкаў.

«Вецер заходні сярэдні. Тэмпература паветра мінімальная ўночы +8..+14°С, максімальная ўдзень +21..+27°С. Атмасферны ціск уначы істотна не зменіцца, удзень будзе слаба падаць», - папярэдзілі ў Белгідрамеце.

А ўжо ў суботу, 22 чэрвеня, трэба падрыхтавацца да кароткачасовых дажджоў з навальніцамі з-за перамяшчэння франтальных раздзелаў з паўднёвага захаду Еўропы. Вецер у суботу можа ўзмацніцца да сярэдняга, а пры навальніцах нават да парывістага. Тэмпература пры гэтым, калі і вырасце, то нязначна: ноччу +9..+16°С, а днём +21..+28°С.

У нядзелю ж, 23 чэрвеня, дажджы паабяцалі ўночы. Днём жа, паводле прагнозу Белгідрамета, варта чакаць воблачнае з праясненнямі надвор'е. «Вецер заходняй чвэрці парывісты. Тэмпература паветра мінімальная ўночы +11..+18°С, максімальная ўдзень +18..+24°С, па поўдні Беларусі да +26°С», — папярэдзілі ў дзяржаўным метэаралагічным ведамстве.

Апошнія навіны