BE RU EN

Як зменіцца NATO з новым генеральным сакратаром

  • 20.06.2024, 14:35

Меркаванне ўкраінскага палітолага.

Генеральны сакратар NATO Енс Столтэнбэрг упершыню прызнаў, што ў прэм'ер-міністра Нідэрландаў Марка Рутэ больш за ўсё шанцаў на пасаду наступнага генеральнага сакратара Альянсу.

Што гэта за палітык? Чаго варта ад яго чакаць? Пра гэта сайт Charter97.org пагаварыў з украінскім дыпламатам і палітолагам, экспертам Цэнтра абаронных стратэгій Аляксандрам Харам:

- Дазвольце пачаць з негатыўнага моманту: Старая Еўропа і траянскі конь Расейскай Федэрацыі ў NATO, я маю на ўвазе прэм'ера Вугоршчыны Орбана, фактычна засеклі магчымасць упершыню стаць генеральным сакратаром Альянсу прадстаўніку краіны ўсходняга фланга. Прэм'ер-міністарка Эстоніі Кая Калас была б выдатным генеральным сакратаром NATO, яна абсалютна дакладна разумее пагрозу з боку Расеі. Адназначна, яна з'яўляецца дасведчаным палітыкам, які мог бы мабілізаваць NATO, каб арганізацыя ўзмацнялася б сама і дапамагала Украіне.

З іншага боку, Рутэ для Украіны таксама выдатны варыянт, паколькі і Нідэрланды, і ён як прэм'ер знаходзяцца на нашым баку і дапамагаюць нам. Магчыма, ён больш узважаны, скажам так, у сваёй рыторыцы ў дачыненні да Расеі, але гэта не значыць, што ён нейкі прарасейскі. Ён далёка не прарасейскі, таму для Украіны і NATO - гэта пазітыўная гісторыя. Самае галоўнае - каб захавалася адзінства ў Альянсе, каб не было магчымасці ў той жа Вугоршчыны блакаваць нейкія рэчы.

Літаральна на днях Орбан раструбіў, што ён дасягнуў пагаднення з Рутэ, што Вугршчына не будзе ні пры якіх умовах удзельнічаць у праграмах з Украінай і вугорскіх салдат не будзе ва Украіне, хоць мы іх не надта і чакаем. Не будзе і вугорскіх грошай, якіх не так ужо і шмат, паколькі, фактычна, Вугоршчына спажывае на бяспеку тыя рэсурсы, якія даюць іншыя дзяржавы. Гэта невялікая страта для Украіны. Таму прызначэнне Рутэ для нашай краіны цалкам прымальнае, гэты чалавек адназначна займае праўкраінскую пазіцыю.

- А ці ёсць у Украіны нейкія асаблівыя чаканні ад прызначэння Рутэ генеральным сакратаром NATO?

- Асабліва няма, паколькі гэта арганізацыя спецыфічная, усё адно пастановы прымаюць нацыянальныя ўрады. Ён - мэнэджар, які павінен забяспечваць узгодненую пазіцыю наконт кожнага пытання. Што да самога NATO, альбо Украіны ці Расеі. Рутэ - дасведчаны палітык, ён выдатна ведае, як манеўраваць, знаходзіць кампрамісы.

Для нас было б больш важнае змяненне пазіцыі Злучаных Штатаў і Нямеччыны напярэдадні саміту ў Вашынгтоне. Відавочна, яны ўжо прынялі пастановы, якія не збіраюцца змяняць ні пры якіх аргументах з боку Украіны. Днямі спікер Белага дома Джон Кірбі заявіў, што Украіну возьмуць у NATO пасля таго, як яна пераможа Расею. Гэта, вядома, крыху дзіўная заява, таму што для перамогі над Расеяй Украіне трэба даць такую дапамогу, якая б дазволіла гэта зрабіць.

Мы пакуль што гэтага не бачым, але мы асаблівых ілюзій і не мелі, што ў цяперашнім стане Украіну могуць прыняць у Альянс. Іншая справа - пачаць працэс уступлення, запусціць яго, каб і ў Расеі разумелі, што ў іх няма права вета. Для ўкраінцаў гэта не проста рыторыка аб адчыненых дзвярах, у палітычным плане мы пачынаем інтэгравацца.

Асобная размова - гэта рэформы ва Украіне і прывядзенне нашых узброеных сіл і наогул сектар абароны да стандартаў NATO, заснаваных на сумяшчальнасці і ўзаемазаменнасці. Мы, зразумела, будзем гэта рабіць, гэта ў нашых інтарэсах, але гэта тэхнічныя пытанні. А нам вельмі важны палітычны сігнал, што пачаўся працэс, уласна, уступлення, а Расея не можа яго спыніць.

- Вы адзначылі ўзважанасць палітыкі Рутэ ў дачыненні да Расеі. Якога курса чакаць ад NATO ў адносінах да Расейскай Федэрацыі? Будзе ўзмацненне жорсткасці ці нейкі пошук кампрамісаў?

- Кампрамісаў тут быць не можа, паколькі ўжо нават у Нямеччыне і ў Францыі ўспрымаюць Расею як патэнцыйную пагрозу, што можа быць нават канфлікт паміж NATO і Расейскай Федэрацыяй, натуральна, што ў гэтым кантэксце яны прымаюць пэўныя пастановы. Па-першае, стымулююць тых чальцоў, якія не выдаткоўваюць 2% ВУП на мадэрнізацыю ўзброеных сіл. Па-другое, яны будуць глядзець, якія планы неабходна пераглядаць, каб гарантаваць стрымліванне Расейскай Федэрацыі.

Літаральна днямі была інфармацыя, што ў NATO разглядалі пытанне аб пераглядзе сродкаў ядзернага стрымлівання, што можна было б залучыць нейкія дадатковыя рэсурсы, ракеты і гэтак далей. Я думаю, гэта не толькі ў кантэксце таго, што заяўляе Расея, але таксама і таго, што РФ канвертуе Беларусь у ядзерную дзяржаву. Зразумелая справа, што тут толькі выкарыстоўваецца тэрыторыя, у Лукашэнкі ніколі не будзе магчымасці націснуць на кнопку, але ў кожным выпадку - гэта крок, на які павінен быць адказ.

У Еўропы ёсць дастаткова вялікі патэнцыял: гэта дзве ядзерныя дзяржавы, Вялікабрытанія і Францыя, атамныя бомбы ў чатырох еўрапейскіх дзяржавах і ў Турцыі, ёсць іншыя носьбіты. Напрыклад, у Брытанію заляталі амерыканскія стратэгічныя бамбавікі, у еўрапейскіх водах перыядычна знаходзяцца амерыканскія атамныя падводныя лодкі. Усяго гэтага дастаткова, каб стрымліваць Расею, і амерыканцы ўжо сапраўды не плануюць дадаткова нешта размяшчаць.

Але еўрапейцы павінны паміж сабой (асабліва гэта тычыцца французаў) перагледзець падыходы. Калі брытанцы гатовы выкарыстоўваць ядзерную зброю, абараняючы саюзнікаў з NATO (там ёсць адпаведныя працэдуры), то французская дактрына гэтага не прадугледжвае.

Магчыма, ім трэба падумаць аб змене такой дактрыны, тым больш у кантэксце таго, што можа прыйсці Трамп і або вывесці ЗША з NATO, або зменшыць абавязацельствы Злучаных Штатаў перад ссупольнікамі. Тады пытанне змены схемы ядзернага стрымлівання самімі еўрапейцамі будзе вельмі вострае і актуальнае.

Апошнія навіны