Пхеньян апублікаваў пункты дамовы паміж КНДР і РФ
- 20.06.2024, 9:18
Што прадугледжвае "стратэгічны звяз"?
Паводле інфармацыі Карэйскага цэнтральнага інфармацыйнага агенцтва, дамова РФ і КНДР аб усёабдымным стратэгічным партнёрстве прадугледжвае "неадкладнае" наданне ўзаемнай дапамогі ў выпадку агрэсіі супраць адной з краін.
Пра гэта паведамляе ТАСС.
Пакуль незразумела, карэйскае агенцтва апублікавала асобныя пункты ці поўны тэкст. Вось яны ў перакладзе ТАСС:
неадкладнае наданне ўзаемнай дапамогі ў выпадку агрэсіі супраць адной з краін;
Пры пагрозе агрэсіі краіны ўзгодняць меры каардынацыі пазіцый, забяспечаць супрацоўніцтва для ліквідацыі пагрозы;
Масква і Пхеньян абавязваюцца не ўступаць з трэцімі краінамі ў пагадненні, якія могуць несці пагрозу суверэнітэту і бяспецы дзвюх краін;
РФ і КНДР імкнуцца павялічыць аб'ёмы двухбаковага гандлю і стварыць спрыяльныя ўмовы для эканамічнага супрацоўніцтва;
Масква і Пхеньян дамовіліся развіваць стасункі ў сферы космасу, мірнага атама, ШІ і ІТ;
Краіны актывізуюць супрацоўніцтва ў сферы СМІ для супрацьдзеяння недакладнай інфармацыі і інфармацыйным правакацыям;
РФ і КНДР створаць сістэму прыняцця мер для ўмацавання абароннага патэнцыялу з мэтай прадухілення вайны, забеспячэнні міру;
Дамова аб стратэгічным партнёрстве РФ і КНДР мае бестэрміновы характар.
У аўторак, 18 чэрвеня, расейскі дыктатар Уладзімір Пуцін прыбыў з візітам у сталіцу КНДР Пхеньян.
У Пхеньяне Пуцін і паўночнакарэйскі дыктатар Кім Чэн Ын падпісалі дамову аб стратэгічным партнёрстве, якая, паводле слоў расейскага дыктатара, прадугледжвае ў тым ліку прадастаўленне ўзаемнай дапамогі ў выпадку агрэсіі супраць аднаго з удзельнікаў гэтай дамовы. Тэкст дакумента ў той момант не быў апублікаваны.