Турцыя павялічыла гадавую здабычу газу на 112%
- 18.06.2024, 18:44
За кошт радовішчаў у Чорным моры.
Турцыя здабыла 807,28 млн. кубаметраў газу ў 2023 годзе, што на 112,5% больш, чым у папярэднім годзе. Пра гэта піша выданне Dialy Sabbah са спасылкай на справаздачу турэцкай Управы рэгулявання энэргетычнага рынку (EPDK).
Большая частка газу здабыта на чарнаморскім радовішчы Сакар'я, якое Турцыя пачала эксплуатаваць у красавіку 2023 года. Запасы Сакар'я ацэньваюцца на 710 млрд. кубаметраў. Радовішча адкрывалася паступова, пачынаючы са жніўня 2020 года.
Да адкрыцця Сакар'я здабыча прыроднага газу ў Турцыі штогод зніжалася. У 2019 годзе здабыча зафіксавана на ўзроўні 473,87 млн. кубаметраў. У 2020 годзе гэты паказчык упаў да 441,27 млн кубаметраў, у 2021 годзе - да 394,44 млн кубаметраў і ў 2022 годзе - да 379,81 млн кубаметраў.
Усяго на Сакар'я здабыта 337,8 млн кубаметраў у 2023 годзе.
Газавае радовішча Сакар'я займае плошчу каля 10 000 кв. км, мае вытворчую плошчу 2200 кв. км.
Міністр энэргетыкі і прыродных рэсурсаў Алпарслан Байрактар, раней у гэтым месяцы заяўляў, што здабыча на чарнаморскім радовішчы дасягнула 5,1 млн кубаметраў на дзень. У сярэднетэрміновай перспектыве здабычу плануюць павялічыць да 10 млн кубаметраў за дзень, а на заключным этапе дасягнуць 40 млн кубаметраў за дзень.
Зараз ідзе бурэнне яшчэ дзвюх свідравін на Сакар'я.
У Турцыі разлічваюць, што чарнаморскае радовішча забяспечыць 30 адсоткаў унутранага спажывання газу.
Турцыя амаль цалкам залежыць ад імпарту газу для кампенсацыі сваіх энергетычных запатрабаванняў. Гадавое спажыванне газу ў Турцыі перавышае 50 млрд кубаметраў.