Пачаўся вялікі пажар: БПЛА атакавалі Азоў у Растоўскай вобласці РФ
- 18.06.2024, 7:40
Палаюць рэзервуары з нафтапрадуктамі.
У Растоўскай вобласці (Расейская Федэрацыя) уночы на 18 чэрвеня адбылася атака з выкарыстаннем беспілотнікаў, у выніку чаго ўспыхнуў нафтааб'ект.
Пра гэта паведамляе РБК-Украіна са спасылкай на Telegram-канал губернатара Растоўскай вобласці Васіля Голубева.
Са слоў расейскага чыноўніка, гэты пажар адбыўся ў Азове, дзе «ў выніку нападу БПЛА ўспыхнулі рэзервуары з нафтапрадуктамі».
Таксама растоўскі губернатар кажа, што папярэдне ахвяр у выніку здарэння няма, пажарныя спрабуюць патушыць адкрытае полымя.
«Падраздзяленнем МНС арганізавана тушэнне адкрытага агню. На месца выехаў кіраўнік абласнога дэпартамента ў справах ГА і НС», - гаворыцца ў яго публікацыі.
Між тым, у сетцы ўжо з'явілася відэа і фота магутнага пажару ў горадзе Азоў пасля атакі беспілотнікаў. Са звестак расейскіх СМІ і Telegram-каналаў, перад узгараннем рэзервуара з нафтапрадуктамі мясцовыя жыхары чулі пяць выбухаў.
Абноўлена а 07:00
Ужо раніцай у прэс-службе МНС Расеі заявілі, што плошча пажару на нафтабазе ў Растоўскай вобласці ў Азоўскім раёне складае 5 тысяч кубічных метраў. Таксама ў паведамленні міністэрства пазначаецца, што да месца пажару накіравалі пажарны цягнік.
«У тушэнні задзейнічаны 73 спецыялісты і 21 адзінка тэхнікі», - распавялі ў ведамстве.