BE RU EN

У Менску разросся небяспечны сумнік

  • 17.06.2024, 19:53

Яго не могуць выкасіць.

У Менску распаўсюдзілася небяспечная для людзей і прыроды расліна – сумнік канадскі, ён ужо заняў плошчу 231 гектар, таму з ім будуць змагацца не толькі скошваннем, але і гербіцыдамі, заявіў старшыня Менскага гарадскога камітэта прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Валянцін Шатраўка, піша агенцтва «Менск-Навіны».

У Беларусі гэты від уважаецца за інвазіўную расліну (яе распаўсюджванне стварае пагрозу жыццю або здароўю грамадзянаў).

Хімічную апрацоўку правядуць у тых месцах, дзе канадскі сумнік расце найбольш інтэнсіўна.

Дадамо, што канадскі сумнік небяспечны не толькі для беларускай прыроды (нясе пагрозу папуляцыям многіх рэдкіх відаў раслінаў і зніжае ўраджайнасць сельгаскультураў), але і для людзей, паколькі ён уважаецца за моцны алерген.

Таксама Шатраўка нагадаў, што ў сталіцы змагаюцца з яшчэ адной небяспечнай раслінай – баршчэўнікам Сасноўскага, ён цяпер расце на 15 з невялікім гектарах. Перамагчы яго не могуць доўгія гады, паколькі яго насенне ў зямлі можа захоўваць усходжасць некалькі гадоў.

Таксама чыноўнік пракаментаваў нядаўняе пагаршэнне стану паветра ў некалькіх раёнах Менска. Паводле ягоных словаў, гэта было звязана з адсутнасцю дажджоў цягам доўгага перыяду. Праз засуху ў паветры станавілася больш цвёрдых часцінак. Акрамя таго, была павялічаная канцэнтрацыя фармальдэгідаў і прыземнага азону на вуліцах з інтэнсіўнай транспартнай плынню.

Апошнія навіны