BE RU EN

Краіны G7 асудзілі суўдзел рэжыму Лукашэнкі ў вайне супраць Украіны

  • 14.06.2024, 20:47

І заклікалі вызваліць палітвязняў.

У супольнай заяве падчас штогадовага саміту, які праходзіць у італьянскім Брындызі 13–15 чэрвеня, краіны «Вялікай сямёркі» (G7) асудзілі суўдзел Беларусі ў вайне Расеі супраць Украіны, паведамляе італьянскае выданне Quotidiano Nazionale. Увагу на публікацыю звярнуў «Позірк».

.

Лідары краінаў G7 таксама выказалі «занепакоенасць прадаўжэннем рэпрэсій рэжыму [Аляксандра Лукашэнкі] у дачыненні да незалежных СМІ, грамадзянскай супольнасці, апазіцыі і грамадзянаў, якія мірна выказваюць сваё меркаванне».

Адзначаецца, што «пад пільнай увагай» застаецца абыходжанне афіцыйнага Менска з палітвязнямі. G7 запатрабавала іх неадкладнага і безумоўнага вызвалення.

19 красавіка на Капры (Італія) кіраўнікі МЗС краінаў G7 згадалі Беларусь паводле вынікаў сустрэчы «Падтрымка Украіны».

У дакуменце міністры асудзілі суўдзел афіцыйнага Менска ў вайне Расеі супраць Украіны.

Беларусь згадваецца ў выніковай заяве ў сувязі з размяшчэннем на яе тэрыторыі ядзернай зброі, што аўтары называюць часткай «безадказнай ядзернай рыторыкі Расеі і яе пазіцыі стратэгічнага запалохвання». Яны папярэдзілі, што любое ўжыванне РФ хімічнай, біялагічнай ці ядзернай зброі будзе мець сур'ёзныя наступствы.

У 2024 годзе Італія старшынюе ў G7, куды ўваходзяць таксама Вялікая Брытанія, Нямеччына, Канада, ЗША, Францыя і Японія.

Апошнія навіны