BE RU EN

Якія цэлі будуць у перададзеных Украіне F-16?

  • 14.06.2024, 10:52

Вайсковы экспэрт расказаў пра прыярытэты.

Украіна павінна неўзабаве атрымаць доўгачаканыя знішчальнікі F-16. Пра тое, якія задачы на практыцы будзе выконваць гэты шматцэлевы самалёт, у эфіры тэлемарафону расказаў ваенна-палітычны аглядальнік групы "Інфармацыйны супраціў" Аляксандр Каваленка.

“F-16, найперш, гэта будзе інструмент для знішчэння аб'ектаў як паветраных, так і тых, што знаходзяцца на паверхні, на адлегласцях, калі сам F-16 не будзе знішчаны ворагам. Гэта значыць яго будуць выкарыстоўваць з буферам бяспекі, з выкарыстаннем дальнабойнай ракетнай зброі вялікага радыусу дзеяння як класа паветра-паветра, так і паветра-паверхня”, - растлумачыў ён.

Экспэрт адзначыў, што ў выкананні задач F-16 будуць дапамагаць самалёты ДРЛА. Паводле ягоных слоў, знішчэнне авіяцыі будзе ўваходзіць у спектр іх задач, але знішчальнікі будуць уплываць на наземныя падзеі на фронце і змогуць наносіць удары па тэрыторыі РФ. Аднак магчымасці F-16 на розных кірунках будуць адрознівацца.

“На Поўдні і ў Крыме будзе цяжкавата расейцам таму, што менавіта ў гэтых лакацыях могуць дастаткова свабодна працаваць заходнія самалёты ДРЛА. Гэта значыць не толькі тыя, якія нам перадалі, але і з паветранай прасторы Румыніі, Балгарыі”, - падкрэсліў Каваленка.

Ён паведаміў, што над Чорным морам таксама працуюць самалёты-выведчыкі, якія значна пашыраюць ударныя магчымасці F-16. Знішчальнікі здольныя біць ракетамі тыпу AIM-120 AMRAAM, якія могуць знішчаць паветраныя цэлі на глыбіні больш як 100 кіламетраў. Таксама гэтыя "птушачкі" могуць запускаць AGM-158 JASSM, якая мае магчымасці як Storm Shadow і здольная знішчаць аб'екты на адлегласці да 300 кіламетраў. Фактычна гаворка ідзе аб дагукавой крылатай ракеце авіяцыйнага базавання, і яе навядзенне будзе спрошчана дзякуючы сумяшчальнасці самалёта F-16 з ДРЛА.

“Іншае пытанне наконт Усходу. З Усходам ёсць пытанне, бо для гэтага трэба будзе ўжо выкарыстоўваць не бяспечную прастору Румыніі ці Балгарыі, а паветраную прастору Украіны”, - праінфармаваў экспэрт.

Паводле ягоных слоў, там усё будзе залежаць ад таго, якім будзе буфер бяспекі для F-16 і якая глыбіня на ўсходніх акупаваных тэрыторыях і тэрыторыі РФ будзе максімальна спрыяльнай для бяспечнага выканання задач.

"Але, вядома ж, рызыка будзе ўзрастаць менавіта падчас працы F-16 па ўсходняй лініі боесутыкнення або па паўночна-ўсходніх межах", – пацвердзіў Каваленка.

Апошнія навіны