BE RU EN

Удзельніца шоу «Фермер шукае жонку» стане міністаркай сельскай гаспадаркі Нідэрландаў.

  • 13.06.2024, 21:02

Фемке Вірсма прыйшла ў палітыку пасля таго, як выйшла замуж за фермера.

Былая ўдзельніца тэлевізійнага рэаліці-шоу «Фермер шукае жонку» Фемке Вірсма стане наступнай міністаркай сельскай гаспадаркі Нідэрландаў. Пра гэта піша Politico.

Вірсме 39 гадоў. Перш чым пайсці ў палітыку, яна выйшла замуж за малочнага фермера, з якім пазнаёмілася ў рэаліці-шоу. З 19 ліпеня 2023 года яна дэпутатка ў правінцыі Фрысландыя ад партыі Фермерска-грамадзянскі рух (BBB).

Партыя BBB узнікла ў 2019 годзе ў якасці пратэсту супраць пастановаў ураду абмежаваць выкарыстанне азотных угнаенняў для фермераў. Летась яна раптоўна перамагла на выбарах у верхнюю палату парламента Нідэрландаў.

Да сваёй палітычнай кар'еры Фемке Вірсма была дарадцай розных сельскагаспадарчых арганізацый, такіх як «Нідэрландскі звяз малочных фермераў» і Team Agro NL, арганізацыі, якая падтрымлівае фермераў, садоўнікаў і рыбакоў.

Прадугледжваецца, што прадстаўнікі BBB зоймуць дзве найлепшыя пасады ў абноўленым Міністэрстве сельскай гаспадаркі, рыбалоўства, харчовай бяспекі і прыроды Нідэрландаў. Фэмке Вірсма ўзначаліць міністэрства, а Жан Румэні, 71 год, заступіць на пасаду дзяржаўнага сакратара.

Апошнія навіны