BE RU EN

Банкі краінаў СНД перасталі мяняць расейскія рублі на даляры

  • 13.06.2024, 20:27

Учора ЗША ўвялі санкцыі супраць Масбіржы.

Банкі некаторых былых постсавецкіх краінаў абмежавалі аперацыі канвертацыі расейскага рубля пасля амерыканскіх санкцый у дачыненні да Маскоўскай біржы, праз якія ў Расеі спыніўся гандаль далярам і еўра.

З праблемамі расейскія кліенты сутыкнуліся ў банках Казахстана, Таджыкістана, Узбекістана і Кыргызтана, расказалі The Moscow Times прадстаўнікі кампаній-імпарцёраў.

Раніцай банкі сярэднеазіяцкіх краінаў, праз якія часта аплачваліся пастаўкі тавараў у Расею, перасталі праводзіць аперацыі абмену расейскага рубля на даляр і еўра ці прапаноўвалі абсалютна невыгодныя курсы.

Увечары стала вядома, што банкі Таджыкістана і Узбекістана аднавілі абмен рубля. У Кыргызстане праблемы захаваліся: пра абмежаванні абвясцілі пяць банкаў краіны, піша ТАСС.

Адначасова РСК-банк, банк «Кампаньён», Мбанк, а таксама яшчэ не менш за 6 банкаў спынілі працу з сістэмамі грашовых пераводаў, з дапамогай якіх можна было адпраўляць грошы з Расеі і назад. Гаворка «ідзе пра сістэмы Залатая карона», Astrasend, «Юністрым», «РІА» і Western Union, адзначае «Інтэрфакс».

Мінфін ЗША у сераду, 12 чэрвеня, абвясціў пра радыкальнае пашырэнне фінансавых санкцый супраць Расеі, уключыўшы ў чорныя спісы Масбіржу, Нацыянальны клірынгавы цэнтр (НКЦ) і Нацыянальны разліковы дэпазітарый. З 13 чэрвеня біржа спыніла гандаль далярам ЗША, еўра і ганконгскім далярам, а ЦБ пачаў усталёўваць афіцыйныя курсы валютаў паводле звестак пазабіржавога рынку.

Акрамя санкцый супраць біржы, ЗША ўнеслі ў SDN-list даччыныя структуры найбуйнейшых расейскіх дзяржбанкаў у Індыі і Кітаі: пад санкцыі патрапілі прадстаўніцтвы Сбера, ЗЭБа, абароннага Прамсувязьбанка і ЗГБ.

Акрамя таго, у рамках новага санкцыйнага пакету амерыканскі Мінфін істотна пашырыў паняцце «ВПК Расеі», за ўгоды з якім банкам па ўсім свеце пагражаюць другасныя захады ажно да адключэння ад даляравых плацяжоў. З гэтага часу пад вызначэнне абароннага комплексу РФ трапляюць усе падсанкцыйныя расейскія кампаніі (іх больш за 4,5 тысячы), у тым ліку тыя, што не маюць непасрэднага дачынення да вытворчасці ваеннай прадукцыі.

Апошнія навіны