BE RU EN

Расейцы кінуліся скупляць валюту

  • 13.06.2024, 15:57

У многіх банках узнік дэфіцыт.

Касы многіх расейскіх банкаў сутыкнуліся з нястачай гатовай замежнай валюты пасля таго, як ЗША ўвялі санкцыі супраць Маскоўскай біржы, якія спынілі таргі далярам і еўрамі.

Карэспандэнт The Moscow Times раніцай наведаў аддзяленні некалькіх буйных банкаў у Маскве, але даляраў не было ў аніводным. "З учорашняга дня ўсё разабралі", – сказаў аперацыяніст аддзялення банка "Авангард". А 10 раніцы ў касе, паводле ягоных слоў, заставалася толькі купюра $100 старога ўзору, іншых даляраў і еўраў не было. Падобная сітуацыя недалёка ў аддзяленні Альфа-банка: даляраў і еўраў у касе ўвогуле няма – раскупілі, трэба заказваць, растлумачыў аперацыяніст. Альфа-банк раніцай быў гатовы купіць даляры па 87 рублёў, а прадаць - па 97.

Не было з раніцы ні даляраў, ні еўраў у 15 аддзяленнях Сбербанка ў розных раёнах Масквы. Касіры тлумачылі адсутнасць падвышаным попытам. "Ну вы навіны чулі, разумець павінны", - сказаў супрацоўнік аднаго з аддзяленняў. У Сбербанка раніцай быў ці не самы нізкі курс продажу гатовай валюты - менш за 92,9 рублёў за даляр (курс пакупкі пры гэтым быў 83 рублі), таму ў аддзяленне пастаянна заходзілі людзі, якія імкнуліся купіць валюту, - карэспандэнт The Moscow Times за пяць хвілін, праведзеных у аддзяленні, налічыў пяцярых ахвочых, але супрацоўнікі тлумачылі ім, што "ўсё ўжо разабралі". Пры гэтым прэс-служба Сбербанка паведаміла аб 11.00, што не бачыць падвышанага попыту на валюту ў аддзяленнях банка: “Попыт на валюту ў аддзяленнях знаходзіцца на ўзроўні стандартных сярэднядзённых значэнняў, гэта значыць невысокі. Падвышанай цікавасці да валюты ў нашых кліентаў не назіраем”.

Пасля пачатку вайны ў Расеі ўзнік востры дэфіцыт валюты. Людзі кінуліся здымаць валютныя ашчадкі, а ЗША і ЕЗ забаранілі ўвоз у Расею даляраў і еўраў. Цэнтрабанку давялося ўвесці абмежаванні: з рахункаў можна было зняць не больш за $10 000 (астатняе - рублямі), а продаж валюты быў забаронены. Затым ЦБ зрабіў палёгку, дазволіўшы бпнкам прадаваць людзям валюту, якую яны раней купілі ў іншых грамадзян. Кожныя паўгода ЦБ падаўжае дзеянне гэтых абмежаванняў.

Апошнія навіны