BE RU EN

Forbes: ATACMS знішчаюць расейскія З-400 у Крыме

  • 13.06.2024, 7:58

Прыйдуць і больш сур'ёзныя атакі.

Украіна актыўна выкарыстоўвае ракеты ATACMS для знішчэння расейскіх аб'ектаў у часова акупаваным Крыме. У тым ліку, варожых сістэм С-400.

Аб гэтым піша Forbes. Да прыкладу, у сярэдзіне траўня ўкраінскія вайскоўцы выпусцілі магутны залп з 10 ракет амерыканскай вытворчасці па расейскай базе Бельбек пад Севастопалем у акупаваным Крыме. Удар прычыніў немалую шкоду акупантам - фатаграфіі з зямлі пацвердзілі, што былі знішчаныя радар і дзве пускавыя ўстаноўкі зенітнай батарэі С-400. Паведамлялася, што ракеты таксама пашкодзілі чатыры вайсковыя самалёты на найбліжэйшым вайсковым аэрадроме.

Нядзіўна, што расейцы хутка замянілі разбураныя кампаненты С-400, але не так даўно Украіна зноў ударыла па батарэі С-400 у Бельбеку. Неўстаноўленыя боепрыпасы - магчыма, тыя ж самыя M39A1 ATACMS, абрынуліся таксама на дзве іншыя батарэі СПА паблізу: яшчэ адну С-400 і менш дальнабойную - С-300.

«Падчас удару было выкарыстана не менш за 10 ракет ATACMS, і расейская сістэма СПА не змагла перахапіць ніводную з іх», – паведамілі ва ўкраінскім Цэнтры абаронных стратэгій.

Адзначалася, што былі знішчаныя два радары - па адным з батарэй С-300 і С-400. Па трэцім радары інфармацыя ўдакладнялася.

Бельбек становіцца пасткай на знясіленне для найлепшай сістэмы СПА расейскіх ПКС. Украіна знішчае свежыя ракетныя батарэі прыкладна гэтак жа хутка, як іх паспяваюць размяшчаць, піша выданне. Расейцы ўжо паспелі страціць два камандныя пункты С-400, чатыры радары і 16 пускавых установак, што могуць пацвердзіць аналітыкі Oryx.

«Агулам, магчыма, украінскія ракетныя рэйды знішчылі часткі чатырох ці пяці батарэй С-400. Па іроніі лёсу, С-400 былі распрацаваныя як супрацьракеты, але, відавочна, яны не працуюць. (...) У расейскіх ПКС ёсць больш за 50 батарэй С-400. Але батарэі бескарысныя для ваенных дзеянняў Расеі ва Украіне, калі яны не могуць вытрымаць украінскія ракетныя ўдары. Чым больш С-400 расейцы размесцяць ва Украіне, тым больш С-400 яны, хутчэй за ўсё, страцяць», - падкрэслівае Forbes.

Некаторыя расейскія назіральнікі асцерагаюцца, што будуць значна больш сур'ёзныя напады. Калі ўкраінцы прытрымліваюцца амерыканскай ударнай дактрыны, то спачатку наносяцца ўдары па батарэях СПА. Пасля гэтага ў гульню ўступіць «авіяцыя на базе F-16, пад крыламі якой знаходзіцца шырокі спектр боепрыпасаў», - заявіў адзін з расейскіх блогераў.

«Першыя F-16 - былыя дацкія ўзоры - павінны прыбыць ва Украіну ў найбліжэйшыя тыдні. Не здзіўляйцеся, калі знішчальнікі хутка пачнуць наносіць удары па расейскіх базах у Крыме. Базам, чыя супрацьпаветраная абарона ўвесь час слабее пад шквальнымі ўдарамі ракет ATACMS», – рэзюмуе выданне.

Апошнія навіны