BE RU EN

Продажы аўтобусаў МАЗ у Расеі ўпалі амаль у 20 разоў

  • 12.06.2024, 21:16

Яны часта гараць.

У траўні 2024 года на расейскім рынку было прададзена ўсяго 8 новых аўтобусаў Менскага аўтамабільнага завода – у 19,9 разу менш, чым у тым жа месяцы 2023-га (159), вынікае з звестак Расейскага агенцтва «АСМ-холдынг», заўважыў «Позірк».

За пяць месяцаў 2024 года ўсяго на расейскім рынку рэалізавана 280 адзінак аўтобусаў МАЗ. Летась гэты паказнік быў роўны 522, таму падзенне ўзроўню продажаў у гадавым выразе склала 46,7%.

За 2023 год беларускім прадпрыемствам было рэалізавана 925 адзінак гэтага віду транспарту – на 11,1% менш, чым у 2022-м (1040).

Між тым Аляксандр Лукашэнка 9 красавіка на нарадзе пра развіццё прамысловасці арыентаваў падначаленых на зусім іншыя паказнікі:

«Усе чулі, у штогадовым пасланні Прэзідэнт Расеі анансаваў, што да 2030 года суб'екты федэрацыі павінны атрымаць блізу 40 тыс. аўтобусаў, тралейбусаў, трамваяў, электробусаў. Грошы на гэта выдаткаваныя. Задача беларускай прамысловасці – падключыцца і забяспечыць не менш за 30% патрабаваных аб'ёмаў».

Праўда, разам з тым ён адзначыў, што «айчынная прадукцыя саступае аналагам як у кошце, так і ў якасці».

Апошнім часам паведамленні пра тое, як нешта з беларускай тэхнікі ў розных расейскіх гарадах загарэлася ці сапсавалася нейкім іншым чынам, настолькі частыя, што сталі ўжо штодзённасцю.

Апошнія навіны