Польшча можа аднавіць працу аднаго пераходу на мяжы з Беларуссю
- 24.05.2024, 21:40
Пра гэта заявіў прэм'ер Польшчы.
Польшча можа аднавіць працу памежнага пункта «Баброўнікі» (з беларускага боку «Бераставіца») на мяжы з Беларуссю. Пра гэта заявіў прэм'ер-міністр краіны Дональд Туск, піша RMF24.
«У найбліжэйшы час разгледзім магчымасць адкрыцця памежнага пераходу “Баброўнікі” для пасажыраплыні. Я поўнасцю падтрымліваю гэта! Аднак адразу абмоўлюся, я не прыму такой пастановы, калі ў вайскоўцаў і памежнікаў будзе адназначнае адмоўнае меркаванне, што гэта можа стварыць негатыўны ўплыў на нашу бяспеку», – сказаў Туск на мітынгу ў Беластоку.
Паводле ягоных словаў, адкрыццё памежнага пункта «Баброўнікі» змагло б разблакаваць значную частку польскага малога і сярэдняга бізнэсу, звязанага з прамым таваразваротам паміж беларусамі і палякамі.
Кіраўнік польскага ўраду адзначыў, што пастанова можа быць прынятая цягам некалькіх дзён. Дональд Туск падкрэсліў, што ён далёкі ад жэстаў у бок беларускага рэжыму, таму магчымае адкрыццё мяжы не трэба трактаваць такім чынам.
«Ізалюйце рэжым, адкрыйцеся людзям», – заявіў ён.
Нагадаем, паводле пастановы польскага боку, з 10 лютага 2023 года польскі пункт пропуску «Баброўнікі» афіцыйна прыпыніў афармленне транспартных сродкаў і асобаў, якія едуць праз мяжу, на нявызначаны час «у інтарэсах дзяржаўнай бяспекі».