Расея магла страціць апошні носьбіт крылатых ракет у Крыме: што вядома
- 20.05.2024, 12:47
Вялікая страта для ЧМФ РФ.
Падчас нападаў на акупаваны Севастопаль мог быць патоплены расейскі малы ракетны карабель «Цыклон».
Пра гэта піша расейскі Telegram-канал «Дасье шпіёна» і іншыя паблікі. Паводле ягоных звестак, уночы на 19 траўня карабель праекта 22 800 «Каракурт» знаходзіўся ў порце. Украінскае войска ўдарыла па ім двума балістычнымі ракетамі ATACMS.
З прычыны ўдару загінула шасцёра вайскоўцаў Чарнаморскага флоту Расейскай Федэрацыі, яшчэ 11 чалавек пацярпелі. Сам карабель затануў.
Інфармацыю аб магчымым нападзе на «Цыклон» агучыў і начальнік Аб'яднанага каардынацыйнага прэс-цэнтра Сіл абароны поўдня Украіны Дзмітрый Плецянчук.
Пра гэта ён сказаў у эфіры тэлемарафону, адказваючы на пытанне аб тым, што страціў расейскі ЧМФ у порце Севастопаля.
«Быў уражаны, мабыць, увесь асабісты склад. Яны вельмі здзіўленыя зараз... Астатнюю інфармацыю мы верыфікуем. Але вядома, ёсць такая імавернасць, што Чарнаморскі флот у Крыме страціў апошні носьбіт крылатых ракет», - адзначыў Плецянчук.
Раней Telegram-канал «Крымскі вецер» паведамляў, што падчас начнога нападу моцныя пашкоджанні атрымаў будынак каля Курынай прыстані. З іх звестак, напярэдадні там стаяў малы ракетны карабель «Цыклон». Ужо на наступны дзень яго тамака не было.
Паводле звестак з адкрытых крыніц, МРК "Цыклон" спусцілі на ваду яшчэ ў 2020 годзе. Яго ўзялі ў склад Чарнаморскага флоту ўжо падчас поўнамаштабнай вайны супраць Украіны.