Наўседа ў Сувальскім калідоры прапанаваў Дудзе супольныя закупы HIMARS
- 26.04.2024, 14:44
Прэзідэнты наведалі манеўры «Храбры грыфон».
Прэзідэнты Літвы і Польшчы Гітанас Наўседа і Анджэй Дуда сёння наведалі вучэнні «Храбры грыфон», якія праходзяць у Сувальскім калідоры.
Яны адзначылі гатоўнасць прыйсці адзін аднаму на дапамогу ў выпадку ваеннай пагрозы, выказаліся за далейшае ўмацаванне ўсходняга флангу НАТА і абмеркавалі супрацоўніцтва ў кібербяспецы і закупе ўзбраенняў.
Пра гэта паведамляе прэс-служба прэзідэнта Польшчы.
«Гэта вельмі важнае вучэнне. Хачу падкрэсліць, што яно з'яўляецца довадам таго, што польскія жаўнеры гатовыя, каб прыйсці ў выпадку неабходнасці на дапамогу свайму літоўскаму хаўрусніку і суседу», - сказаў Анджэй Дуда.
З яго слоў, раён Сувальскага калідора знаходзіцца пад пагрозай. Ён таксама дадаў, што міграцыйны націск на граніцах Літвы і Польшчы з Беларуссю з'яўляецца «праверкай нашай здольнасці рэагаваць» і абараназдольнасці.
«Сённяшняе вучэнне паказвае, што ваенная гатоўнасць нашых войскаў да абароны гэтай тэрыторыі Еўропы і краін НАТА мае вялікае значэнне, калі размова ідзе таксама аб элементах стрымлівання», - сказаў ён.
Гітанас Наўседа таксама адзначыў, што вучэнні дэманструюць гатоўнасць саюзнікаў да абароны важнага ўчастка.
«Мы павінны захоўваць цвёрдую пазіцыю па ўзмацненню ўсходняга флангу НАТА, імкнуцца да поўнай рэалізацыі планаў абароны НАТА і ратацыйнай мадэлі СПА», - дадаў ён.
Паводле яго слоў, прэзідэнты не проста назіралі за манеўрамі, але і абмеркавалі пытанні ваеннага супрацоўніцтва ў сферы кібербяспекі і сумесных закупак.
«Мы канкрэтна казалі пра сістэмы HIMARS, бо і Літва, і Польшча маюць намер набыць гэтыя сістэмы. Ужо закупілі, але плануюць набыць яшчэ. Асабліва улічваючы, што ў Польшчы ёсць планы па вытворчасці боепрыпасаў, мы хацелі б супрацоўнічаць. І мая прапанова была менавіта ў гэтым кірунку - стварэнне рэгіянальнага лагістычнага цэнтра. Без сумневу, калі б былі сумесныя закупкі ракет, мы маглі б удзельнічаць у сумесных закупках. Гэта было б вельмі канкрэтным прыкладам таго, як нашы гнуткія сувязі ваеннага супрацоўніцтва могуць быць перанесены на новыя тэрыторыі», - сказаў Науседа.