Беларускі навукоўца стварыў плаўны ровар
- 28.03.2024, 21:18
Ён развівае хуткасць 30–80 км/г.
Незвычайны плаўны ровар стварыў малады навукоўца з Беларусі Віктар Саверчанка, паведамляе тэлеканал «МІР 24».
Гэты ровар прэзентавалі на конкурсе «100 ідэй для Беларусі», фінал якога ў канцы сакавіка 2024 г. праходзіў у Менску. Ровар з удасканаленымі амартызатарамі выдатна пераадольвае перашкоды ў выглядзе каранёў дрэваў, няроўнасці дарогі, а таксама без праблемаў ездзіць па гразі, снезе, лёдзе. Хуткасць у яго вялікая – па перасечанай мясцовасці да 30 км/г, а па роўнай – да 80 км/г.
Канструкцыя амартызатара такая, што пры штуршку рухаецца не поршань, а гільза.
На стварэнне такога ровара з плаўным ходам у Віктара Саверчанкі сышло 2,5 года.
«Калі рухаешся па лесе, здаецца, што язда настолькі хуткая, што ледзь паспяваеш аб'язджаць усякія перашкоды, галіны дрэваў, карані, пні, ямы. Як у кампутарнай гульні. Толькі паспявай паварочваць», – кажа вынаходнік.