З чарговага выдання беларускай Чырвонай кнігі могуць выключыць блізу 40 відаў
- 23.02.2024, 21:34
Зубру ж, мядзведзю і рысі – панізіць ахоўны статус.
Некаторыя віды жывёлаў і раслінаў, якія пакуль адносяцца да чырванакніжных у Беларусі, могуць страціць гэты статус. Пра гэта «Менск-Навінам» паведаміў міністр прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Андрэй Худык.
Міністр заявіў, што «ў пытаннях захавання і ўстойлівага выкарыстання біялагічнай і ландшафтавай разнастайнасці Беларусь дэманструе істотны прагрэс».
– З чацвёртага выдання Чырвонай кнігі Беларусі выключаныя 20 відаў дзікіх жывёлаў і 8 – раслінаў, – адзначыў ён.
Андрэй Худык дадаў, што з пятага выдання Чырвонай кнігі плануецца выключыць яшчэ 12 відаў жывёлаў і 26 – раслінаў. Для шэрагу відаў, як зубр еўрапейскі, рысь, буры мядзведзь, барсук звычайны, прапануецца знізіць ахоўны статут.
Нагадаем, буры мядзведзь занесены ў Чырвоную кнігу Беларусі. Гэта найбуйнейшы драпежнік на нашай тэрыторыі.
Аднак апошнім часам, праз тое, што мядзведзі сталі ўсё часцей выходзіць да людзей, паляўнічыя і леснікі прапануюць выключыць жывёлу з Чырвонай кнігі. Навукоўцы ж раяць не спяшацца.