BE RU EN

Лукашэнка атрымаў ад Пуціна тую ж узнагароду, што і Мураўёў-Вешальнік

  • 9.10.2024, 16:08

Пазнака здрадніка беларускага народа.

Сёння, 9 кастрычніка, Пуцін узнагародзіў Лукашэнку ордэнам святога апостала Андрэя Першазванага.

«За выдатныя заслугі ў развіцці дачыненняў саюзніцтва і стратэгічнага партнёрства паміж Расейскай Федэрацыяй і Рэспублікай Беларусь, умацаванне дружалюбных сувязей паміж расейскім і беларускім народамі, а таксама за вялікі асабісты ўнёсак у стварэнне і эфектыўную дзейнасць cаюзнай дзяржавы».

Лукашэнка стаў 27-м чалавекам, узнагароджаным вышэйшай дзяржаўнай узнагародай Расеі. Раней яе таксама атрымалі патрыярхі Алексій II і Кірыл, экс-прэзідэнт СССР Гарбачоў, лідары замежных краін Назарбаеў, Аліеў, Сі Цзіньпін, а таксама пісьменнік Салжаніцын, які, праўда, адзіны адмовіўся яе прыняць.

Ордэн быў заснаваны Ельцыным у 1998 годзе - як аднаўленне самай старой расейскай узнагароды, якая існавала да рэвалюцыі 1917 года. Апроч той фармулёўкі, з якой прысуджаецца ордэн, у яго статуце канкрэтна прапісана, за што і каму ён можа ўручацца:

«За выключныя заслугі, якія спрыяюць росквіту, велічы і славе Расеі, гарантаванню яе нацыянальнай бяспекі і суверэнітэту».

Гэтая фармулёўка аб'ядноўвае Лукашэнку з іншым вядомым кавалерам ордэна - віленскім генерал-губернатарам Міхаілам Мураўёвым, вядомым у гісторыі як «Вешальнік». Такую мянушку ён атрымаў у Беларусі за жорсткае падаўленне вызваленчага паўстання 1863 года. Карыстаючыся сваімі надзвычайнымі паўнамоцтвамі, Мураўёў адправіў на шыбеніцу больш за сотню лідараў паўстання, у тым ліку Кастуся Каліноўскага, а тысячы - да канфіскацыі маёмасці і ссылкі ў Сібір.

І тут яшчэ адно сімвалічнае супадзенне: ордэн святога Андрэя Першазванага быў прысвоены Мураўёву ў той жа дзень, што і Аляксандру Лукашэнку - 30 жніўня. Нехта можа сказаць, што згодна з рознымі календарамі, але прыгажосць супадзення ад гэтага не знікае.

Апошнія навіны