BE RU EN

У Польшчы стварылі парфуму з водарам бульбы

  • 8.10.2024, 21:08

Флакончык будзе каштаваць 550 беларускіх рублёў.

Польскі парфумны брэнд Bohoboco пачаў продаж новага водару з «сардэчнай нотай» бульбы. За флакончык Polish Potatoes аб'ёмам 50 мл вытворца просіць 665 злотых (больш за 550 беларускіх рублёў). Пробнік на 2 мл абыдзецца на 30 злотых (амаль 25 рублёў), піша «Зялёны партал».

На задумку стваральніка водару, Polish Potatoes – гэта «падарожжа ў дзіцячыя ўражанні з атмасферай шумнага рынку».

«У сэрцы кампазіцыі пульсуюць ноты высакароднай бульбы, ружы, геліятропу і гваздзіка, якія выказваюць прыгажосць рынкавых рытуалаў. Польская бульба надае гэтай кампазіцыі багаты характар, спалучаючы зямлістасць з выразнай саладосцю, аддаючы даніну павагі зямлі, якая з'яўляецца пачаткам усяго», – гаворыцца ў апісанні да новага водару на сайце польскага брэнду.

У пачатковых нотах гучаць пахі скуры, травы, пшаніцы, буракоў. У базавых – пачулі, амбра, ваніль, мёд, а таксама сена, бяроза, зямля.

Мяркуючы з каментароў інтэрнэт-карыстальнікаў на афіцыйнай старонцы польскага брэнду ў інстаграме, «польская бульба» выклікала цікавасць у публікі, якая называе такое смакавае спалучэнне «ўнікальным і цікавым».

Апошнія навіны