BE RU EN

«Вольных месцаў няма»

  • 5.10.2024, 15:39

Дзяржпансіянаты не падрыхтаваныя да наплыву пенсіянераў.

З 1 кастрычніка ў Беларусі запрацавала ліцэнзаванне працы сацыяльных пансіянатаў прыватных формаў уласнасці. Праз гэта амаль усе дамы састарэлых фактычна зачыніліся – паводле інфармацыі Deutsche Welle, права на працу атрымаў толькі пансіянат «Жамчужына» ў Кобрынскім раёне. Фактычна рынак сацыяльнага догляду трапіў у рукі дзяржавы.

Еўрарадыё высвятляла, ці спраўляюцца дзяржаўныя ўстановы з наплывам пенсіянераў з зачыненых пансіянатаў.

Мала канструктыву

Для высвятлення падрыхтаванасці дзяржустановаў журналісты звярнуліся да іх з пісьмовымі запытамі пад выглядам людзей, чые сваякі з зачыненых прыватных дамоў састарэлых фактычна апынуліся на вуліцы. Пытанняў было два: што рабіць у такой сітуацыі і якія ідэі прапануе дзяржава.

Прыватныя пансіянаты не прымаюць састарэлых – людзі могуць апынуцца на вуліцы

Лісты былі разасланыя на ўказаныя на афіцыйных сайтах скрыні ўсіх абласных камітэтаў працы і сацыяльнай абароны, а таксама ў Мінпрацы.

Цягам трох дзён журналісты атрымалі не вельмі змястоўныя адказы.

Так, віцебскі і берасцейскі камітэты адмовіліся разглядаць дасланы ліст і прапанавалі да іх звярнуцца праз іншы сэрвіс зваротаў: https://www.xn-80abnmycp7evc.xn-90ais.

У Мінпрацы ў сваю чаргу адказалі, што праз электронную пошту яны на пытанні не адказваюць і прапанавалі патэлефанаваць на гарачую лінію раніцай у суботу 5 кастрычніка.

Гомельскі камітэт быў больш канструктыўным – распісаў, якія катэгорыі грамадзянаў могуць патрапіць у дзяржаўныя сацпансіянаты, што для гэтага трэба сабраць дакументы і падаць іх у тэрытарыяльныя цэнтры на месцы жыхарства.

Таксама там прапанавалі даслаць ім нумар мабільнага тэлефона, каб спецыяліст звязаўся і патлумачыў працэдуру.

Іншыя камітэты – магілёўскага, менскага, гарадзенскага аблвыканкамаў – увогуле нічога не адказалі.

«Я сама не ведаю, як гэта будзе»

Наступным крокам стаў тэлефонны абзвон.

Журналісты датэлефанаваліся ў Камітэт працы і сацыяльнай абароны Менскай вобласці, выдаючы сябе за грамадзяніна, чый пажылы сваяк (у нашым выпадку бацька) страціў абслугоўванне ў прыватным пансіянаце, а магчымасці забяспечыць яго ўтрыманне дома няма.

– Якое выйсце на сёння? Мы можам вам даць дзяржаўны пансіянат. Але не проста цяпер, бо трэба прайсці медыцынскае абследаванне і атрымаць неабходныя дакументы, – адказалі супрацоўнікі ўстановы, прапанаваўшы на гэты перыяд састарэлага сваяка пакінуць дома.

Аднак на тым баку проваду не наважыліся прагназаваць, колькі часу зойме атрыманне неабходных дакументаў і афармленне ў пансіянат.

Журналістам прапанавалі ўдакладніць інфармацыю ў Тэрытарыяльным цэнтры сацыяльнага абслугоўвання Барысава (паводле легенды, там зарэгістраваны бацька), які займаецца падрыхтоўкай дакументаў. Абласны камітэт, у сваю чаргу, выдае накіраванні ў пансіянат.

У Тэрытарыяльным цэнтры нас ашаламілі – вольных месцаў там не было.

– У нас цяпер з вольнымі месцамі праблема. Не ўладкаваныя нават адзінокія людзі, якія ляжаць на сацыяльным ложку. І датычна становішча ў нас напісана, што ў дамы-інтэрнаты накіроўваюцца адзінокія грамадзяне. А калі ў чалавека ёсць сваякі, то яны павінны патрапіць да іх. І толькі пры наяўнасці вольных месцаў мы можам нечым дапамагчы.

Каб прыстроіць нашага састарэлага бацьку, давядзецца чакаць у чарзе. І невядома, як доўга.

– У нас накіраванні выдае абласны камітэт [працы і сацабароны] усіх раёнаў, а іх у нас 22. Вось у нас была папера, мы са жніўня да 1 кастрычніка ўвогуле не высылалі дакументы, таму што не было месцаў.

Цяпер якімі партыямі мы будзем высылаць, як размяркоўваць – невядома. ...> Нам, напрыклад, на сацыяльныя ложкі ў панядзелак прывезлі сем адзінокіх пенсіянераў, такія справы.

Каб патрапіць у чаргу на сацыяльны пансіянат, пасля афармлення ўсіх дакументаў іх неабходна перадаць у Тэрытарыяльны цэнтр, які будзе звязвацца са сваякамі.

Наколькі доўгім можа быць чаканне, нам таксама не змаглі растлумачыць.

– Шчыра кажучы, я сама не ведаю, як гэта будзе. Таму што нам даслалі ліст, што тыя састарэлыя, у каго ёсць дзеці, могуць спадзявацца на пансіянат толькі пры наяўнасці вольных месцаў. А гэтых месцаў няма, і я не ведаю, калі яны з'явяцца. Можа, новы дом-інтэрнат адчыняць, не ведаю.

Як відаць на прыкладзе Менскай вобласці, дзяржава аказалася непадрыхтаванай да закрыцця прыватных пансіянатаў, пераклаўшы развязанне праблемаў на сваякоў састарэлых.

Што адбываецца ў іншых рэгіёнах Беларусі, цяжка ўявіць.

Апошнія навіны