BE RU EN

«Удар каласальнай сілы даканае Пуціна»

  • 5.10.2024, 11:09

Гэта створыць спрыяльны фон для змовы элітаў у РФ.

Міжнародны аглядальнік Іван Якавіна расказаў у эфіры Radio NV, што можа згуляць ключавую ролю ў паслабленні РФ:

– Я ўжо шмат разоў гаварыў, што даканаюць расейскі рэжым, рэжым [расейскага дыктатара] Уладзіміра Пуціна, хутчэй за ўсё, не ўкраінскія ракеты, бомбы і танкі, а інфляцыя, унутраныя праблемы Расейскай Федэрацыі, у значнай ступені выкліканыя вайной. Усё ж такі інфляцыя, мне здаецца, гэта як некалькі брыгадаў ці нават некалькі дзясяткаў украінскіх брыгадаў, якія б'юць па Расеі, па расейскай эканоміцы. Вядома, Узброеныя сілы Украіны могуць стварыць дадатковыя ўмовы, спрыяльны фон для падзення расейскага рэжыму, але ўсё ж галоўным чыннікам краху гэтага рэжыму, я думаю, будзе менавіта эканамічны крах, крызіс. І асноўны драйвер гэтага крызісу – гэта, вядома, інфляцыя.

Інфляцыя паводле сваёй прыроды, у прынцыпе, забівае любую эканамічную актыўнасць, дзе б там ні было ў свеце, гэта не толькі расейская праблема. Інфляцыя робіць бессэнсоўнымі інвестыцыі, планаванне і развіццё вытворчасці. Гэта значыць, любая эканамічная актыўнасць, яна памнажаецца на нуль праз інфляцыю. І, адпаведна, усё, што спрыяе ўзмацненню, павелічэнню лікаў расейскай інфляцыі, павінна вітацца.

Санкцыі Захаду абавязкова павінны ўзмацняцца. Ізноў жа, ключавое значэнне тут мае пазіцыя Злучаных Штатаў і Еўропы. Вельмі добра, што там не спыняецца праца ў пашырэнні і ўзмацненні блакады фінансавых плыняў з Расейскай Федэрацыі і ў Расейскую Федэрацыю. Ёсць каласальная залежнасць Расеі ад экспарту і імпарту, яна павялічваецца, яна нікуды не падзелася з пачаткам вайны. Больш за тое, яна вырасла. І, адпаведна, калі імпарт і экспарт Расеі будзе абрэзаныя або істотна абцяжараныя, гэта выкліча крызісныя з'явы ўнутры расейскай эканомікі, у тым ліку гэта прывядзе да дэфіцыту тавараў на расейскіх рынках і да павелічэння інфляцыі.

Без санкцый, якія ўведзеныя, у першую чаргу амерыканцамі, вядома, расейскі бюджэт быў бы нашмат большы. Цяпер жа яго прыбыткі паступова скарачаюцца.

Банк Расеі ўжо адкрытым тэкстам б'е ў званы, проста крычыць, што наперадзе чакаецца стагфляцыя. Гэта калі інфляцыя расце, пры гэтым вытворчасць скарачаецца. Гэта, мусіць, самая сур'ёзная праблема любой эканомікі свету, самая галоўная хвароба. Для здаровай эканомікі стагфляцыя – гэта найцяжэйшая хвароба, а для мілітарызаванай эканомікі, такой як расейская, яна можа цалкам стаць смяротнай хваробай.

Таму цяпер Цэнтральны банк Расеі сапраўды пачынае панікаваць на гэтую тэму.

Апошнія два з паловай гады Расея, вядома, выкручвалася з любых складаных сітуацый у эканамічным сэнсе з дапамогай масаванага продажу нафты, з дапамогай высокіх коштаў нафты. Звышпрыбыткі перакрывалі ўсе гэтыя ўсе выдаткі – і ваенныя, і ўсякія іншыя. Але цяпер сітуацыя можа зноў жа змяніцца. Чаму? Таму што краіны АПЕК+, у першую чаргу Саудаўская Аравія, ужо адкрытым тэкстам заяўляюць, што са снежня яны маюць намер адмовіцца ад захавання квотаў на здабычу і продаж нафты на рынках.

І паводле ацэнак экспертаў, налета гэта можа павярнуцца падзеннем коштаў нафты да 50 даляраў за бараль. Для Расеі гэта будзе 40 даляраў за бараль. Адпаведна расейскі бюджэт, звярстаны з разліку 70 даляраў за бараль, проста не будзе выкананы практычна напалову… Менш чым напалову, бо ўсё ж такі расейская эканоміка не на 100% нафтавая, яна на 67% так ці інакш залежыць ад нафты. Але ўсё роўна ўдар па расейскім бюджэце будзе каласальнай сілы.

І прывядзе гэта, зноў жа, да ўсплёску інфляцыі, таму што рэзка ўсохне плынь валюты ў Расею. Адпаведна менш тавараў можна будзе набыць на знешніх рынках, таму што грошай не будзе і, адпаведна, кошты астатніх тавараў рэзка падскочаць.

Разам з заходнімі фінансавымі санкцыямі такі паварот падзей, то-бок падзенне коштаў нафты, прывядзе да таго, што грошай у расейскім бюджэце проста не застанецца. Адзіным выхадам будзе адабранне ашчаджэнняў грамадзянаў, там некалькі дзясяткаў трыльёнаў рублёў. Або проста так будуць адымаць гэтыя грошы, нейкім законам, альбо праз масаванае друкаванне грошай. Але грошы будуць адбіраць, гэта ўжо практычна дакладна.

Калі нічога не зменіцца радыкальна (а можа змяніцца, паколькі мы цяпер бачым, што на Блізкім Усходзе пачынаецца вельмі сур'ёзная нестабільнасць, цалкам магчыма, што вайна), то налета Расея папросту можа застацца без грошай. Чаму я згадаў Блізкі Усход, таму што нестабільнасць на Блізкім Усходзе заўсёды вядзе да павышэння коштаў нафты.

Дык вось, калі кошты не будуць расці, то Расея застанецца без грошай. Так, на вайну грошы застануцца, але на ўсё астатняе – не. І вось гэтая нястача грошай на ўсё астатняе прывядзе да найсур'ёзнейшай сацыяльнай напружанасці, нестабільнасці і магчымых крызісных з'яваў, можа, нават пратэстаў. Папулярнасць рэжыму ў любым выпадку пойдзе ўніз, і гэта створыць спрыяльны фон для зараджэння змовы ў элітах, якім, натуральна, усё, што адбываецца, таксама не вельмі падабаецца. Эліты аддалі б перавагу жыць тлуста, багата і на Захадзе, а не беднымі, няшчаснымі ў Расеі.

Але яшчэ лепш, на мой погляд, было б, калі б краіны Захаду проста забаранілі Расеі вазіць сваю нафту па сваіх тэрытарыяльных водах, гэта значыць праз дацкія пралівы, праз грэцкія тэрытарыяльныя воды. Калі б краіны Захаду проста закрылі свае пралівы для расейскіх танкераў, расейскі ценевы флот быў бы фактычна нейтралізаваны, і Расея страціла б фізічна магчымасці прадаваць сваю нафту на сусветных рынках.

Магчыма, нейкая такая пастанова будзе прынятая пасля выбараў прэзідэнта ЗША. Чаму? Таму што цяпер, вядома, асабліва на фоне нестабільнасці на Блізкім Усходзе, амерыканскае кіраўніцтва не хоча яшчэ мацней падвышаць кошты нафты. Але калі з'явіцца ўжо новы прэзідэнт у Амерыцы, то хутчэй за ўсё такая пастанова будзе прынятая.

Акрамя таго, Саудаўская Аравія ўжо абвясціла, што гатовая павялічыць здабычу нафты ў сябе і кампенсаваць выпалыя расейскія аб'ёмы экспарту. Для Саудаўскай Аравіі гэта прамая выгада. Чаму? Таму што гаворка ідзе пра сотні мільярдаў даляраў. На маёй памяці ніхто добраахвотна ад сотняў мільярдаў даляраў пакуль яшчэ не адмаўляўся.

Апошнія навіны