BE RU EN

Легендарны хакеіст заявіў, што НХЛ давядзецца заплаціць Украіне мільярды даляраў

  • 3.10.2024, 21:16

Дамінік Гашэк раскрытыкаваў НХЛ праз пазіцыю лігі ў дачыненні да расейскіх спартоўцаў.

Легендарны чэшскі хакеіст, двухразовы ўладальнік Кубка Стэнлі Дамінік Гашэк раскрытыкаваў НХЛ перад стартам новага сезону праз пазіцыю лігі ў дачыненні да расейскіх спартоўцаў.

Гашэк заявіў, што кіраўніцтва НХЛ і ўладальнікі нясуць адказнасць за страчаныя і скалечаныя жыцці ўкраінцаў, паколькі дазваляюць расейскім хакеістам свабодна выступаць у лізе падчас поўнамаштабнай агрэсіі іх краіны, не асуджаючы яе.

«Калі б і дзе б публічна ні выступалі расейскія спартоўцы, яны аўтаматычна становяцца рэкламай вайны і далейшага забойства нявінных украінскіх грамадзянаў. НХЛ гэта добра ўсведамляе, аднак усё яшчэ дазваляе ім гуляць у сваёй лізе!

Таму НХЛ застаецца рэкламай расейскай імперыялістычнай вайны. Таму НХЛ нясе прамую адказнасць за вялізную колькасць страчаных і скалечаных жыццяў.

Як грамадзянін і як гулец, які згуляў шмат матчаў у НХЛ, я не збіраюся ігнараваць гэта. Я перакананы, што рана ці позна НХЛ давядзецца заплаціць Украіне мільярды даляраў за свой падыход.

У гэтым кантэксце, аднак, трэба падкрэсліць, што штатныя супрацоўнікі НХЛ, гэта значыць самі гульцы, не нясуць адказнасці за гэтую рэкламу жудасных дзеянняў Расеі. І гэта датычыцца і расейскіх гульцоў. Уся адказнасць ляжыць на найвышэйшым кіраўніцтве НХЛ! Я маю на ўвазе 32 уладальнікаў камандаў НХЛ і камісара Гары Бэтмэна.

Менавіта яны ўстанаўліваюць правілы. І яны могуць змяніць іх у любы момант. Гэта людзі, якія зрабілі НХЛ, спаборніцтва, якое так шмат значыла для мяне, самай вялікай рэкламай расейскай імперыялістычнай вайны ва ўсім спартовым свеце! Менавіта яны нясуць найбольшую адказнасць за страчаныя і скалечаныя жыцці і за вялізныя фінансавыя страты, нанесеныя рэкламай іх лігі», – напісаў Гашэк у сацсетцы X.

Сезон НХЛ 2024/25 стартуе заўтра, 4 кастрычніка, матчам паміж Бафала і Нью-Джэрсі, які адбудзецца ў Празе.

Апошнія навіны