BE RU EN

У Кобрыне бацькоў вучняў адной са школ жадаюць абавязаць плаціць за абслугоўванне прапускных турнікетаў

  • 3.10.2024, 19:19

Кіраўніцтва школы настойліва рэкамендуе бацькам вучняў падпісаць дамовы.

У сярэдняй школе №4 горада Кобрына ў пачатку навучальнага года пачалі ўсталёўваць прапускныя турнікеты. Абслугоўваннем абсталявання будзе займацца прыватная кампанія, з якой кіраўніцтва школы настойліва рэкамендуе бацькам вучняў падпісаць дамовы. За ключ-пропуск і штомесячнае абслугоўванне турнікетаў неабходна будзе заплаціць. Тыя, хто супраць, павінны будуць пагадзіцца з тым, каб іх дзеці чакалі ўваходу ў школу пасля таго, як пройдуць усе «платнікі».

Бацька: «Мне гэта нагадала сістэму пасадкі ў самалёты бюджэтных авіякампаній»

Пра тое, што на ўваходзе ў сярэднюю школу №4 горада Кобрына будуць усталёўвацца турнікеты, бацькі даведаліся ў пачатку навучальнага года. Нядаўна кіраўніцтва гэтай установы адукацыі раздала вучням і супрацоўнікам дамовы (узор ёсць у рэдакцыі) на выдачу і абслугоўванне спецыяльных электронных карт-ключоў, па якіх будзе ажыццяўляцца пропуск у школу.

- Дамову трэба ўкласці з ТАА «Інфапост», гэта значыць, з іншай камерцыйнай арганізацыяй. Усё б нічога, але за карту-пропуск патрабуюць 6 рублёў, а яшчэ кожны месяц трэба плаціць за абслугоўванне згодна з выбраным тарыфам — ад 3 да 4 рублёў. Дзеці часта губляюць свае рэчы, і ў выпадку страты карты трэба будзе рабіць дублікат, таксама за 6 рублёў. Атрымліваецца, у нас бясплатная адукацыя з платным уваходам у школу, - тлумачыць прычыну абурэння Віталь, адзін з бацькоў вучняў школы №4.

Са слоў мужчыны, нязгодныя бацькі звярнуліся па тлумачэнні ў Галоўную ўправу адукацыі Берасцейскага аблвыканкама. Тамака паабяцалі разабрацца.

- Пасля нашага звароту да чыноўнікаў кіраўніцтва школы паведаміла, што тыя, хто не хоча, могуць не плаціць. А для дзяцей без карт будзе арганізаваны асобны ўваход - «па дзённіку» або карце навучэнца, - кажа мужчына. - Схема будзе такая: пасля таго, як у школу зойдуць усе дзеці з картамі, супрацоўнік Дэпартамента аховы праверыць звесткі вучняў без карт і са свайго пульта адкрые ўваход. Гэта значыць, альбо плаці, альбо чакай, пакуль пройдуць «платнікі». Мне гэта нагадала сістэму пасадкі ў самалёты бюджэтных авіякампаній, калі першымі на борт могуць зайсці тыя, хто за гэта заплаціў.

Са слоў Віталя, турнікеты з'явіліся і ў іншых школах горада, але толькі ў іх установе аплачваць выдачу ключоў і абаненцкае абслугоўванне жадаюць абавязаць бацькоў вучняў. Акрамя таго, мужчыну непакоіць, што прапускная сістэма можа стварыць пагрозу для бяспекі дзяцей у выпадку надзвычайнай сітуацыі.

- У нашай школе толькі два ўваходы. Галоўны ўваход зараз будзе з турнікетамі, ёсць яшчэ адзін запасны, дзверы там вельмі вузкія. Частка школы з іншымі выхадамі на першым паверсе перацятая і пераабсталяваная ў дзіцячы садок. У выпадку пажару ці іншай экстраннай сітуацыі можа здарыцца трагедыя, - асцерагаецца Віталь.

Дырэктар: «Я запушчу турнікеты толькі тады, калі дамовы будуць падпісаныя бацькамі ўсіх вучняў»

Журналіст «Зеркала» пад выглядам аднаго з вучняў патэлефанаваў у СШ №4, каб даведацца, ці з'яўляецца падпісанне дамовы з ТАА «Інфапост» абавязковым і што будзе, калі нехта з бацькоў не захоча гэтага рабіць.

- Я запушчу турнікеты толькі тады, калі дамовы будуць падпісаныя бацькамі ўсіх вучняў, і толькі пасля таго, як усе яны паступяць да мяне, - заявіла дырэктарка школы Алена Фігурына. - Пакуль усе 836 [вучняў] не будуць ахопленыя, турнікеты не будуць падключацца да прапускной сістэмы. Таму запаўняйце, гледзіце, думайце і вызначайце.

- Атрымліваецца, можна не падпісваць дамову, калі мы не хочам?

- Не, калі ў вас ёсць карта навучэнца, то мне будзе неабходна перадаць звесткі ў ТАА «Інфапост». Таму дамову вам трэба падпісаць, - настойліва паўтарыла дырэктарка.

Апошнія навіны