BE RU EN

У Беларусі затрымалі замежнікаў, якія бралі ў закладнікі прыезджых

  • 3.10.2024, 12:45

Яны з Паўднёвай Азіі.

Сілавікі затрымалі ў Менскім раёне групу выхадцаў з краін Паўднёвай Азіі. Іх падазраюць у вымагальніцтве з выкарыстаннем гвалту, небяспечнага для жыцця і здароўя пацярпелых.

Нагодай для крымінальнай справы стала гісторыя двух замежнікаў, якія ў канцы ліпеня прыехалі ў Менск у пошуках працы. Працу не знайшлі і ўжо збіраліся вяртацца на радзіму, але пазнаёміліся са сваім суайчыннікам, які прапанаваў ім дапамогу. У выніку мужчыны апынуліся ў прыватным доме ў Менскім раёне, дзе ў іх забралі пашпарты і мабільныя тэлефоны. Пасля гэтага ім паведамілі, што яны знаходзяцца ў закладніках і для вызвалення іх сваякі павінны заплаціць выкуп.

Ахвяр збівалі палкамі па галаве, пагражалі нажом, прыціскалі да цела распалены прас і тушылі аб іх цыгарэты. Усё, што адбывалася, здымалі на камеру мабільнага тэлефона. Відэа пераслалі родным. Тыя пералічылі на рахунак фігурантаў у якасці выкупу больш за 30 тысяч рублёў. У выніку мужчын адпусцілі, але пашпарты і асабістыя рэчы пры гэтым не вярнулі.

Пра тое, што адбылося, стала вядома праз дыпламатычныя каналы. Пасля гэтага падазраваных знайшлі і затрымалі. Знайшліся і відэазапісы здзекаў. Абвінавачанні выстаўленыя пяці фігурантам. Яны пад вартай.

Апошнія навіны