СМІ: УСУ ўжо нанеслі некалькі ўдараў па будынках, дзе маглі быць салдаты з КНДР
- 29.10.2024, 19:35
Гэта адбылося ў Курскай вобласці.
Украінскія артылерысты ўжо нанеслі некалькі ўдараў па дамах, дзе, верагодна, знаходзіліся вайскоўцы з КНДР. Гэта адбылося ў Курскай вобласці.
Пра гэта паведамляе El Pais са спасылкай на прадстаўніка Дзяржаўнай памежнай службы Украіны.
Як піша выданне, паўночнакарэйскія войскі павялічаць колькасць войска РФ у Курскай вобласці на 25%.
«Паводле ацэнак украінскага Генштаба, Расея накіравала на абарону Курска 40000 вайскоўцаў. Паўночнакарэйскія салдаты павялічаць колькасць расейскага войска на 25%, што дазволіць больш дасведчаным войскам РФ прадаўжаць наступаць на іншых адрэзках фронту», – гаворыцца ў паведамленні.
Таксама СМІ, паводле звестак сваіх крыніцаў, пішуць, што палова расейскіх байцоў у Курску – гэта навабранцы. У іх мала досведу ў параўнанні з іншымі вайскоўцамі. Менавіта таму іх пастанавілі ўзмацніць паўночнакарэйскімі вайскоўцамі.
«Крэмль дамовіўся з паўночнакарэйскім рэжымам, каб войскі КНДР дапамаглі ў вызваленні Курска. Такім чынам РФ хоча ўнікнуць перамяшчэння часткі расейскіх войскаў, якія прадаўжаюць уварванне, на ўсход украінскай тэрыторыі. Магчымае ўступленне паўночнакарэйскіх войскаў у бой упершыню на баку Расеі ўмацоўвае пазіцыі Масквы ў вайне супраць Украіны», – паведамляе El Pais.
Акрамя гэтага паведамляецца, што ГУВ апублікавала перахопленыя радыёпаведамленні расейскага войска ў Курску, з якіх стала вядома, што паўночнакарэйскія салдаты перавозяцца цывмльнымі грузавікамі, каб далучыцца да расейскай 810-й марской пяхотнай брыгады, якая ваюе на лініі фронту ў Курску.